КДБ Беларусі адмовіўся расследаваць апаганенне мемарыяла ахвярам Халакосту
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі адмовіўся пачынаць расследаванне па факце апаганення мемарыяла ахвярам Халакосту “Яма”, на вуліцы Мельнікайтэ ў Мінску. У КДБ Беларусі лічаць, што апаганенне мемарыяла было зроблена малалетнімі хуліганамі, бо ў Камітэце нічога не ведаюць аб арганізацыі “Фронт арыйскага супраціву “Белая Русь”, чыі ўлёткі былі знойдзеныя на месцы інцыдэнту.
На вертыкальнай стэле невядомыя нанеслі белай фарбай свастыку памерам прыкладна 35 на 35 сантыметраў, а таксама выпацкалі белай фарбай некалькі фігур бронзавай кампазіцыі, размешчанай уздоўж прыступак, кіроўных да цэнтра мемарыяла, паведаміла сакратар-рэферэнт Саюза беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і суполак Іна Бездзежская.
Апроч гэтага, побач з абеліскам невядомыя раскідалі ўлёткі ад імя “фронту арыйскага супраціву “Белая Русь”. Ва ўлётках гаворыцца, што “акцыя азначае сабою пачатак бескампраміснай барацьбы з ворагамі — здраднікамі нашай Бацькаўшчыны, прыхільнікамі ліберальнай дэмакратыі, з іудаізмам і масонствам у мностве іх праяў і іншымі памагатымі новага сусветнага парадку пад эгідай талмудызму і ЗША”.
Акрамя таго, улёткі заклікаюць “усе патрыятычныя сілы” “для арганізацыі паспяховага супраціву сатанісцкім ордам і дасягненні канчатковай перамогі арыйскага духу пакласці ў аснову сваёй працы прынцып прамога дзеяння”.
Амбасада Ізраіля ў Беларусі ўжо выказала сваю занепакоенасць з нагоды актывізацыі фашыстаў у рэспубліцы. Нагадаем, што ў канцы мінулага тыдня на фасадзе будынка Ізраільскага інфармацыйна-культурнага цэнтра, былі намаляваныя свастыкі і зробленыя надпісы “Бей жидов”.
Паводле БелаПАН и
www.telegraf.by
|