Беларуская адукацыя на Беласточчыне
Адукацыя на беларускай мове з’явілся на Беласточчыне пасля вайны, у 1947 годзе. Тады ў беларускае навучанне было заангажавана 11 тыс. дзяцей. Сёння гэтая лічба складае каля 3,5 тыс. Дзве тысячы школьнікаў вучацца ў пачатковых беларускіх школах і гімназіях, каля тысячы – у беларускіх ліцэях. “Гэтыя лічбы можна назваць сімвалічнымі. Нашая моладзь на 99% асіміляваная, — кажа Ганна Кандрацюк, спецыяліст у галіне беларускай адукацыі на Беласточчыне. – Паміж сабой моладзь размаўляе па-польску, а асноўным асяроддзем беларускай адукацыі стаў бацькоўскі дом”.
У пасляваенныя гады пад “беларускай адукацыяй” разумелася навучанне ў школах, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску. Сітуацыя змянілася ў 1972 годзе. Тады ў школах, дзе навучаліся дзеці з сем’яў нацыянальных супольнасцяў, усё навучанне перавялі на польскую мову. Нацыянальная мова выкладалася асобным прадметам. У звязку з такімі пераменамі праблема беларускага навучання пачала абвастрацца. “Усе пачалі казаць, што беларуская адукацыя павінна быць добраахвотнай. А хто пагодзіцца нешта вывучаць добраахвотна?” – гаворыць Яўген Вапа, галоўны рэдактар газеты беларусаў у Польшчы “Ніва”.
Зараз, на думку беларускіх лідэраў Беласточчыны, беларуская адукацыя знаходзіцца ў вельмі ўразлівым стане. Яна безабаронная. Няма арганізацыі, якая б прадстаўляла інтарэсы настаўнікаў і дзяцей, заангажаваных у нацыянальную адукацыю. Няма механізму абароны сваіх інтарэсаў падчас канфліктаў. “Беларусы не ўмеюць, альбо не хочуць абараняцца. На сённяшні дзень меншасць пасіўная, а час працуе супраць нас”, — гаворыць Я. Вапа.
Магчыма, корань гэтай праблемы не ў Польшчы. Вядома, што агульныя настроі ў дыяспары вызначае сітуацыя на духоўнай радзіме, у Беларусі. Факты з найноўшай гісторыі сведчаць пра гэта. Калі на пачатку 1990-х гадоў пачаўся працэс станаўлення беларускай дзяржавы, то зацікаўленасць у беларускай адукацыі на Беласточчыне сярод настаўнікаў і вучняў значна павысілася. Выпускнікі школаў з ахвотай ехалі вучыцца ў беларускія ВНУ. Зараз наадварот – у Беларусі пануе русіфікацыя, і гэта адмоўны прыклад для беларусаў замежжа, асабліва для моладзі, якая гадуецца ў беларускіх сем’ях. Нярэдка бацькі чуюць ад сваіх дзяцей: “Навошта нам вучыць гэтую беларускую мову, калі ў самой Беларусі на ёй ніхто не размаўляе, а ў Гародні няма ніводнай беларускай школы”. Гэта моцны аргумент.
Акрамя таго, мяжа ўскладняе паездкі ў Беларусь. Рэдкія выезды ў Мінск і Гародню арганізуюцца выключна намаганнямі бацькоў і настаўнікаў, без аніякай падтрымкі з боку беларускай дзяржавы. А які прыклад паказвае сённяшняя Беларусь беластоцкім школьнікам? Прыязджаючы, яны чакаюць пачуць на вуліцах нашых гарадоў беларускую мову, а замест гэтага чуюць “русскую речь”...
Навучанне ў Беластоку
Падчас апошняга перапісу ў Беластоку, дзе жывуць амаль 300 тыс. жыхароў, каля 8 тыс. чалавек запісаліся беларусамі. Усяго ў беларускай адукацыі ў Беластоку заангажавана каля 150 вучняў. Тут працуе беларускі дзіцячы садок, у школах ёсць шэсць класаў з навучаннем беларускай мовы, беларуская гімназія, у Беластоцкім універсітэце адкрыты факультэт беларускай мовы. Асноўны працэс навучання дапаўняе пазашкольная праца: тэатр, танцавальны калектыў, пластычны гурток для дзетак і г.д.
“Польская правінцыя асімілюецца маланкавымі тэмпамі. Сваю ролю ў гэтым мае і працэс вымірання вёсак. Але на гэтым фоне ў Беластоку назіраецца цікавая з’ява, — кажа Ганна Кандрацюк. – Большасць бацькоў, якія пасылаюць сваіх дзяцей на заняткі беларускай мовы, самі ўжо асіміляваліся. Гэты факт паказвае, што нягледзячы ні на што, беларускасць не памірае. Гэта дае ўпэўненасць, што не ўсе хочуць асімілявацца”.
Дзеля таго, каб у школе дзеці вывучалі беларускую мову, бацькі павінны падаць заяву. Калі заяву на навучанне падалі не менш сямі бацькоў, школа абавязана знайсці настаўніка. Калі дзяцей, жадаючых вывучаць родную мову, менш за сем, то кіраўніцтва навучальнай установы павінна знайсці спосаб далучыць дзяцей да іншай групы. Заява бацькоў неабходная як у звычайных, так і ў беларускіх школах, дзе кожны вучань абавязаны вывучаць мову. Акрамя беларускага навучання, на Беласточчыне вядзецца ўкраінскае, літоўскае і цыганскае нацыянальнае навучанне.
Рэлігійнае выхаванне ў школах
У традыцыі польскага навучання — удзел няўрадавых арганізацыяў у пазашкольнай працы. Грамадскія арганізацыі даюць школьнікам магчымасці валанцёрскай працы, акрамя таго, вядзецца праца, якая рыхтуе школьнікаў да жыцця і да вырашэння жыццёвых праблемаў. Вялікую ролю маюць заняткі па закону Божаму. Заняткі рэлігіі, праваслаўнай альбо каталіцкай, адбываюцца два разы на тыдзень. Зазвычай іх праводзіць катэхет – чалавек, які мае для гэтага спецыяльную падрыхтоўку і дазвол на працу ў школе.
Для навучання дзяцей рэлігіі бацькі павінны напісаць дэкларацыю аб тым, якой рэлігіі будзе навучацца іх дзіця. Такім жа чынам — дэкларацыяй, бацькі могуць увогуле вызваліць школьніка ад гэтых заняткаў. Самае істотнае ў гэтым пытанні — жаданне бацькоў. Статыстыка сведчыць, што ў гарадах больш дзяцей навучаюцца каталіцкай рэлігіі, у вёсцы – больш праваслаўнай.
Ступені беларускай адукацыі
Пачаць адукацыю дзеці з беларускіх сем’яў у Беластоку могуць з Прадшколля № 14 з польскай і беларускай мовамі навучання. Калектыў дзіцячага садка рэалізуе праграмы для выхавання дзяцей ад 2 да 6 год. Беларускія групы тут існуюць з 1995 года. Шасцігодкі вучацца па агульнапольскіх праграмах навучання. Таму з беларускага прадшколля ў школы дзеці прыходзяць цалкам падрыхтаванымі.
Падчас заняткаў тут знаёмяцца з беларускай мовай, культурай і традыцыяй. Адметнасцю прадшколля з’яўляецца тое, што бацькі, настаўнікі і дзеці супольна, разам святкуюць царкоўныя і абрадавыя беларускія святы. У традыцыю садка ўвайшлі супольныя выезды за горад, творчыя вечарыны.
Ад самага пачатку працы садка тут быў арганізаваны тэатр “Ад абраднасці да тоеснасці”. Асноўная ідэя пастановак – беларушчына. Акцёры — дзеці, іх бацькі і настаўнікі. “У сучасным свеце нельга адчуць сябе паўнавартасным чалавекам, не ведаючы сваіх каранёў”, – так лічаць настаўнікі і выхавацелі Прадшколля № 14.
Выпускнікам дзіцячага садка працягнуць беларускае навучанне дае магчымасць базавая школа № 4 г. Беластока з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Базавая школа ўключае ў сябе навучанне з 1 да 6 класа, а таксама нулявы клас, у які прыходзяць шасцігодкі. Для навучання беларускай мове ў школе ёсць спецыяльны кабінет. Яго абсталявалі сваімі сіламі настаўнікі і бацькі. Бацькі дзяцей, якія вучацца беларускай мове, вельмі актыўныя. Яны дапамагаюць у арганізацыі навучання, цікавяцца школьным жыццём, і, як кажуць настаўнікі, “робяць у тысячу разоў больш, чым консульства і беларускі ўрад разам узятыя”. Кажа дырэктар школы Збігнеў Клімовіч:
— Навучацца роднай мове ў нас маюць магчымасць дзеці з украінскіх, беларускіх і літоўскіх сем’яў. Мова выкладаецца тры гадзіны штотыдзень з першай класы. Для бацькоў гэтае навучанне бясплатнае. Калі бацькі заяўляюць, што іх дзіця будзе вучыць сваю нацыянальную мову, то моўныя заняткі для навучэнца становяцца абавязковымі. Вучань павінен наведваць гэтыя ўрокі. Іншая сітуацыя з заняткамі па рэлігіі — вучань сам, паводле свайго жадання, вырашае ісці на занятак ці не. Дзеці з беларускіх сем’яў маюць дадатковыя заняткі беларускай мовы, а таксама лекцыі на беларускай мове. На кожным этапе нацыянальнага навучання да лекцыяў дадаюцца заняткі па музыцы і пластыцы, але ўсе яны так ці інакш звязаныя з беларускім навучаннем.
Мы з’яўляемся рэгіёнам, дзе ёсць тры найбольшыя нацыянальныя суполкі – літоўская, беларуская, украінская. Але не толькі. Напрыклад, у нашай школе ёсць дзеці з Чачні — 8 чалавек, а таксама цыгане. Чачэнцы вельмі кепска гавораць па-польску. Нашая мэта – навучыць іх і даць ім магчымасці для навучання. Таму яны, апроч звычайных лекцыяў, маюць дадатковыя заняткі польскай мовы.
Таксама ёсць група з сямі дзяцей цыганскай нацыянальнасці. Цыгане ў Польшчы не з’яўляюцца нацыянальнай меншасцю ў поўным разуменні гэтага слова. Нашы цыгане вельмі спаланізаваныя, добра гавораць па-польску. Яны не карыстаюцца сваёй мовай. Таму бацькі і не імкнуцца, каб у школах іх дзецям выкладалі цыганскую мову. Яны хочуць захаваць некаторыя свае традыцыі. Мы можам стварыць для іх такія ўмовы. З цыганамі мы працуем ужо некалькі дзесяткаў гадоў. Дзеці з цыганскіх сем’яў у апошнія часы вельмі ахвотна ходзяць у школу. Для нас яны – звычайныя вучні, як і ўсе астатнія.
І чачэнцы, і беларусы, і цыгане ходзяць у звычайныя класы, а пасля лекцый маюць свае дадатковыя заняткі. Сродкі дзеля гэтай працы школа атрымоўвае з дзяржаўнага бюджэту.
— Ці маюць дзеці з сем’яў нацыянальных супольнасцяў праблемы ў камунікацыі з аднагодкамі?
— Я выкладаю матэматыку ў шостым класе. На беларускую мову з гэтай класы ходзіць 9 навучэнцаў з 24. У іншых класах адны дзеці ходзяць на каталіцкую, другія на праваслаўную рэлігію. У нас ёсць адзін хопчык-мусульманін. Паводле маіх назіранняў, у такіх класах ёсць толькі адна праблема – кожны хоча быць найлепшым. Я магу сказаць, што ў пытаннях паходжання альбо веравызнання ніякіх праблемаў паміж дзецьмі няма.
— Як тут глядзяць на Беларусь?
— На Беларусь у гэтым рэгіёне ёсць два погляды. Першы – на афіцыйную ўладу, якую прадстаўляе А. Лукашэнка. Другі — на беларусаў як на людзей. Для нас яны такія ж самыя як і кожны іншы чалавек. На вуліцах Беластока, на рынку, у школах ёсць шмат беларусаў. Кантакт штодзённы. А палітыка сёння можа быць такая, а заўтра іншая. На міжасабовым узроўні палітыка нічога не мяняе. Беларусы ў Польшчы зараз успрымаюцца так, як палякі ў Еўропе і Амерыцы. Мы гэта ведаем.
— Што змянілася з уступленнем у Еўрасаюз?
— Польшча толькі нядаўна ўвайшла ў Еўрасаюз. Але мы даўно былі да гэтага падрыхтаваныя. Недзе дзесяць год таму пачалі дзейнічаць правілы, якія надалі нацыянальным меншасцям магчымасць больш актыўна развівацца на тэрыторыі нашага краю. Прыклад гэтага – нашая школа, дзе ўжо 8 год мы навучаем дзяцей беларускай мове. Такая школа толькі адна ў Беластоку, таму вучыцца да нас прыязджаюць з іншых мясцінаў.
Выпускнікі школы № 4 могуць працягнуць сваё навучанне ў гімназіі. У беластоцкай гімназіі трэці год працуюць класы з навучаннем беларускай мовы. Дырэктар навучальнай установы пані Сакалоўская гаворыць, што навучанне распачалося па жаданню бацькоў. Выхаванцы беларускіх класаў гімназіі актыўныя і не пакідаюць беларускасці ў школьных сценах, а штодзень карыстаюцца беларускай мовай у сваіх справах і на адпачынку.
У ліпені гэтага года настаўнікі і навучэнцы гімназіі правялі этнаграфічны летнік “Я нарадзіўся тут”. Тыдзень школьнікі правялі ў Белавежскай пушчы. Там узнікла ідэя стварэння творчага згуртавання беларускай моладзі “Барацьба”. Удзельнікі “Барацьбы” самі паставілі спектакль. “Тэма спектакля – стасункі паміж бацькамі і дзецьмі на вёсцы. Праблема ў тым, што дзеці прыязджаюць на вёску да бацькоў толькі дзеля таго, каб узяць сабе мяса. На мой погляд, вельмі актуальна”, – гаворыць Наталля Швед, навучэнка гімназіі, дачка вядомага дзіцячага беларускага паэта Беласточчыны Віктара Шведа.
Гайнаўскі ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы – самая вядомая, можна сказаць, нават легендарная беларуская навучальная ўстанова ў Польшчы. Зараз беларускай мове тут навучаюцца 174 асобы.
У новым будынку знаходзіцца комплекс школ — гімназія і ліцэй. У гімназіі навучаюцца дзеці з 13 да 15 гадоў, у ліцэі ад 16 да 19 гадоў. У гімназіі лекцыі па беларускай мове праходзяць тры разы на тыдзень, а ў ліцэі — чатыры. Дадатковая, чацвёртая гадзіна навучання для ліцэістаў – выключэнне з правілаў. Такая магчымасць з’явілася дзякуючы ўладам павету, якія прадставілі фінансаванне.
Гайнаўскі ліцэй вядомы не толькі як беларуская навучальная ўстанова. Паказчыкі паспяховасці вучняў лепшыя ў ваяводстве і адны з лепшых ва ўсёй Польшчы. Таму і конкурс сюды даволі вялікі. У мінулым годзе на 120 месцаў дакументы падалі 240 вучняў. Тут жадаюць вучыцца дзеці не толькі беларускіх бацькоў. “Але калі нехта прыходзіць да нас вучыцца, мы яго не пытаем беларус ён ці паляк”, – гаворыць дырэктар Гайнаўскага ліцэю.
Кіраўніцтва ліцэю шмат робіць для пашырэння беларускай адукацыі і па-за межамі ліцэю. 7-8 год таму выкладчыкі Гайнаўскага ліцэю і гімназіі ініцыявалі сустрэчы з бацькамі ў пачатковых школах Гайнаўкі. Падчас гэтых сустрэчаў настаўнікі пераконвалі бацькоў у тым, што калі іх дзеці будуць вывучаць беларускую мову – гэта добра. Высілкі настаўнікаў мелі плён – калі раней у пачатковых класах беларускай мове вучыліся 4-5 чалавек, то пасля сустрэч з бацькамі навучацца сталі каля 20-30 чалавек. Гаворыць выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Гайнаўскага ліцэю Вольга Сянкевіч:
— Проста трэба было гаварыць, што беларуская мова – гэта мова нашых суседзяў, наша родная мова. Бацькі гэта разумеюць і запісваюць сваіх дзяцей на навучанне. Але агітацыя, ці, дакладней кажучы, матывацыя павінна быць з нашага боку. Вельмі важнай, мяркую, з’яўляецца і матывацыя з другога боку мяжы.
— Бацькі, якія прыводзяць сваіх дзяцей да вас, на беларускамоўнае навучанне, звязваюць далейшы лёс сваіх дзяцей з Беларуссю?
— Не, думаю, што не звязваюць. Зараз нават няма жадаючых вучыцца ў беларускіх ВНУ. Раней з кожнага выпуску вучыцца ў Беларусь ехала па 15-20 чалавек. А зараз, мы заўважаем, што ў Беларусі беларуская мова не ўспрымаецца як народная мова і відавочная дамінацыя рускасці. Нашая моладзь выхаваная ў больш дэмакратычных абставінах. Яны прывыклі гаварыць тое, што яны думаюць.
На гэты час у кожнай школе ў Гайнаўцы ўведзенае добраахвотнае навучанне беларускай мове. Самаўрады выдзяляюць сродкі на заробкі настаўнікам беларускай мовы ў памеры аплаты трох гадзінаў на тыдзень. Гэты мінімум прадугледжвае праграма беларускага навучання. Бельскае і Гайнаўскае староствы выдзяляюць грошы яшчэ на адну дадатковую гадзіну навучання. Некаторыя школы атрымліваюць сродкі на аплату інструктараў, якія працуюць з беларускімі творчымі калектывамі. У Гайнаўцы ў нацыянальную адукацыю зараз заангажавана 577 школьнікаў. Цікавасць да навучання даволі вялікая: напрыклад, у базавай школе ў квартале Юдзянка з 92 вучняў мову вывучаюць 50.
Але, тым не менш, агульная тэндэнцыя беларускага навучання ў Польшчы адмоўная. Колькасць навучэнцаў паволі скарачаецца. Дваццаць гадоў таму беларускай мове навучалася 4 275 чалавек. У верасні 2005 года навучанне роднай мове распачалі 3 521 чалавек.
Марыя Савушкіна
www.polszcza.com
|