На мясцовых выбарах будзе 1000 кандыдатаў ад АДС
Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі вылучылі ў кандыдаты на пасады дэпутатаў у мясцовыя саветы больш тысячы чалавек. У ініцыятыўныя групы больш чым 200 кандыдатаў ўваходзіць лідэр апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч. ПКБ вылучыла 200 чалавек, АГП больш 160 актывістаў, БСДП (Грамада) – 130, Партыя БНФ – 120 чалавек.
Таксама прайшлі прадстаўнікі апазіцыі як незалежныя кандыдаты. Лічба ў тысячу чалавек адпавядае плану апазіцыі, зацверджанаму ў пачатку кастрычніка на нарадзе кіраўнікоў выбарчых штабоў аб’яднанняў, якія падзяляюць прынцыпы кампаніі “Мясцовыя выбары”, паведамляе прэс-служба АГП.
Лідэр беларускай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч будзе збіраць подпісы за вылучэнне ў кандыдаты тых людзей, даверанай асобай якіх пагадзіўся стаць. Плануюцца паездкі Аляксандра Мілінкевіч па Мінску, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях.
“Шматлікія кандыдаты ў дэпутаты ўключаюць мяне ў свае групы па зборы подпісаў. Гэта адбылося ўжо ў дзесятках гарадоў. І я збіраюся ездзіць па гэтых гарадах, а калі пачнецца агітацыя, буду агітаваць за кандыдатаў. Так я зраблю больш, чым на адным участку”, — распавёў аб сваім удзеле ў мясцовых выбарах у інтэрв’ю беларускай службе Радыё “Свабода” Аляксандр Мілінкевіч.
Лідэры апазіцыйных партый прынялі рашэнне балатавацца ў Мінскую гарадскую раду дэпутатаў. Прэтэндаваць на месца ў Мінскім гарадскім савеце дэпутатаў будуць Сяргей Калякін, Вінцук Вячорка, Валерый Фралоў і Уладзімір Колас.
Паводле радыё “Свабода” і
прэс-службы АГП
|