9 лістапада— дзень памяці ахвяр фашызму
9 лістапада, у Міжнародны дзень барацьбы з фашызмам і антысемітызмам, па ўсім свеце праходзяць акцыі памяці ахвяр фашызму і нацыянальнай сегрэгацыі. У Мінску 9 лістапада таксама адбудзецца акцыя салідарнасці і памяці ахвяр фашызму. Ініцыятары мерапрыемства заклікаюць сабрацца ў 19.00 на Юбілейнай плошчы Мінска і пасля гэтага разам рушыць да памятнага мемарыяла “Яма”, каб ускласці кветкі і запаліць прынесеныя з сабою свечкі.
Ініцыятары акцыі заклікаюць беларусаў “выявіць сваю грамадзянскую салідарнасць і паказаць, што ім блізкія каштоўнасці нармальнай цывілізаванай чалавечай супольнасці, якая асуджае фашызм і рэпрэсіі”.
У ноч з 9 на 10 лістапада 1938 года па ўсёй Нямеччыне прайшлі габрэйскія пагромы, якія пасля атрымалі назву “Крыштальнай ночы” (з-за бітага шкла, што ўсейвала вуліцы). У гэтую ноч загінула 92 габрэі, па ўсёй Нямеччыне былі падпаленыя сінагогі, звыш сямі тысяч крам былі разбураныя і разрабаваныя. Каля 30 тысяч габрэяў былі арыштаваныя і высланыя ў канцэнтрацыйныя лагеры, а на габрэяў у цэлым быў накладзены штраф у мільярд марак.
Пасля “Крыштальнай ночы” большасць габрэйскіх арганізацый і ўстаноў былі зачыненыя, а назіранне за габрэямі было перададзена ў рукі гестапа. З гэтага дня пачалася жудасная гісторыя Халакосту.
Паводле www.afn.by І
www.charter97.org
|