Расія раіць “Белдзяржхарчпрама” “пачухаць патыліцу”

Расія вуснамі свайго пасла ў Беларусі Аляксандра Сурыкава параіла канцэрну “Белдзяржчарчпрам” добра думаць, перш чым рабіць заявы аб магчымай забароне на ўвоз у Беларусь расійскіх цукерак. “Шчыра скажу — я не ведаю кіраўніка “Белдзяржхарчпрама”, але трэба думаць, а потым расхістваць, — сказаў дыпламат. —Расійскі рынак кандытарскіх вырабаў раз у 15 ёмісцей за беларускі, і забарона нам сюды ўвозіць цукеркі ніяк не адаб’ецца на агульным аб’ёме продажу расійскіх цукерачнікаў, а вось калі беларусы патрапяць пад поўнае абмежаванне Грэфа і яго каманды, то страты кандытараў Беларусі будуць неверагоднымі. Таму перш, чым нешта заяўляць, трэба пачухаць патыліцу”.

Гаворка ідзе аб нядаўняй заяве старшыні канцэрна “Белдзяржчарчпрам” Яна Данчанкі аб неабходнасці прыняцця беларускімі кандытарамі адэкватных мер у адказ на забаронныя дзеянні іх расійскіх калегаў, запатэнтаваўшых салодкія савецкія брэнды. Адзначыўшы, што сёння “палова беларускіх вырабаў на расійскім рынку лічыцца кантрафактнымі”, кіраўнік “Белдзяржчарчпрама” выступіў за вынятак “расійскіх аналагічных найменняў і брэндаў з нашага гандлю”, заклікаўшы айчынных вытворцаў юрыдычна разумна абараняцца.

Нагадаем, да актыўнай абароны сваіх патэнтавых правоў расійскі бок перайшоў у жніўні гэтага года. Тады пад Псковам і Смаленскам былі спыненыя партыі беларускіх цукерак і печыва.

Каментуючы тую сітуацыю “Беларускім навінам”, найбуйнейшы айчынны вытворца прысмакаў у Беларусі ААТ “Камунарка” прызнаў прэтэнзіі холдынгу “Аб’яднаныя кандытары” (найвялікшага кандытарскага холдынгу ў Еўропе, які аб’яднаў 15 кандытарскіх заводаў Расіі) аб’ектыўнымі: маркі шматлікіх вырабаў, што вырабляюцца па старых савецкіх рэцэптах, ні “Камунаркай”, ні “Спартаком”, ні “Слодычам” на тэрыторыі Расіі не зарэгістраваныя.

Як адзначыла кіраўніца аддзела маркетынгу і рэкламы прадпрыемства Кацярына Захарошка, “не толькі расійскія вытворцы, але і беларускія адстойваюць свае правы на рынку: ёсць шэраг таварных знакаў, запатэнтаваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і, такім чынам, іншыя вытворцы прадаваць сваю прадукцыю з такім жа назовам тут не могуць”.

У той жа час з пачатку канфлікту беларускі бок настойліва паказвае на тое, што прэтэнзіі з’явіліся менавіта ў той момант, калі ў Маскве пачаў працу гандлёвы дом “Белкандзіцер”, ад прадукцыі якога, маўляў, і абараняюцца расійскія фабрыкі. У беларускай прэсе пайшла хваля публікацый, якія даюць смакавую ацэнку расійскім цукеркам: маўляў, побач з беларускімі не ляжалі. Паміж тым смакавае ўспрыманне — справа суб’ектыўная, а вось юрыдычная падстава — справа аб’ектыўная, і тут крыць няма чым.

“Хто вінаваты, што ў Савецкім Саюзе было адзінае на краіну Міністэрства харчовай прамысловасці? — запытвае Аляксандр Сурыкаў. — Зараз расійскія цукерачнікі зарэгістравалі брэнды ў сябе, беларускія — у сябе”. Дыпламат перакананы, што ўзаемныя папрокі трэба спыняць і хутка рашаць пытанне канструктыўна: “Кандытараў трэба сабраць (у Маскве або Мінску), дамовіцца — і хай скончваюць балавацца. Хай падумаюць, як абараніць свой расійска-беларускі рынак ад “Nestle” і іншых марак, запоўніўшых яго сваімі вырабамі, таму што больш магутныя канкурэнты пад гэты шумок іх выкінуць без усякіх праблем”.

Па меркаванні пасла, “праблемы няма. Хай беларускія “Алёнкі” прадаюцца ў Расіі, расійскія — у Беларусі. Рынак двух краін вялізны, і трэба заняць на ім галоўнае месца”.

Паводле www.naviny.by
‹‹ на галоўную | у архіў