Скасаваныя ўсё рашэнні судоў у дачыненні мінскай царквы “Новае жыццё”

4 лістапада прэзідыум Вышэйшага гаспадарчага суда (ВГС) Беларусі адмяніў усе рашэнні судоў у дачыненні мінскай царквы “Новае жыццё” Аб’яднання суполак хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым БелаПАН паведаміў юрыст царквы Сяргей Луканін. Акрамя таго, па яго словах, пытанне аб царкве прэзідыум ВГС прыняў да разгляду ў якасці суда першай інстанцыі.

“На працягу бліжэйшых двух тыдняў чакаецца рашэнне прэзідыума ВГС, які расставіць усе кропкі над “i”, — падкрэсліў юрыст. Па ягоных словах, разгляд справы аб царкве ў ВГС з’яўляецца беспрэцэндэнтным выпадкам у найноўшай гісторыі Беларусі, калі такая высокая судовая інстанцыя прыняла да вытворчасці пытанне аб рэлігійнай суполцы. “Мы чакаем добрых вынікаў справы, што дазволяць нашый царкве нармальна існаваць і развівацца на тэрыторыі сваёй краіны”, — сказаў юрыст. Па словах Сяргея Луканіна, кіраўніцтва суполкі зможа атрымаць рашэнне прэзідыума ВГС не раней 9 лістапада.

Нагадаем, суполка яшчэ ўвосень мінулага года падала ў гаспадарчы суд Мінска іск аб прызнанні пазапраўным рашэнне Мінскага гарвыканкама ад 17 жніўня 2005 года аб пазбаўленні царквы зямлі і будынка па вуліцы Кавалёва, 72, што ў сталічным мікрараёне Сухарава. Рашэннем ад 27 кастрычніка 2005 года суддзя гаспадарчага суда Мінска Аляксандр Карамышаў адмовіўся задаволіць скаргу царквы і прызнаў законным рашэнне гарадскіх уладаў. Аднак 26 кастрычніка гэтага года старшыня ВГС Віктар Камянкоў апратэставаў рашэнне А.Карамышава па справе царквы “Новае жыццё” і прапанаваў яшчэ раз разгледзець гэтае пытанне ў прэзідыуме Вышэйшага гаспадарчага суда.

Як паведаміла БелаПАН супрацоўнік прэс-службы царквы Марына Церых, ноччу, 3 лістапада, у храме знаходзілася каля 30 вернікаў, якія выходзяць з галадоўкі пратэсту супраць дзеянняў улад, якая праводзілася з 5 па 28 кастрычніка. “Зараз у храме знаходзіцца каля 20 чалавек. За мінулыя суткі мы атрымалі тры пасланні салідарнасці — з Вялікабрытаніі, Нідэрландаў і ЗША”, — адзначыла яна.

Акрамя таго, 4 лістапада ў адрас суполкі прыйшоў ліст ад кіраўніцтва тэлеканала СТБ (Сталічнае тэлебачанне), у якім паведамляецца, што тэлекампанія не знаходзіць падстаў для задавальнення патрабаванняў аб абвяржэнні інфармацыі пра царкву, што прагучалі ў эфіры 14 і 15 кастрычніка. Каментуючы гэты ліст, С.Луканін назваў яго “не ўтрымліваючай ніякай сэнсавай нагрузкі фармальнай адпіскай, прасякнутай фанабэрыстасцю з боку адміністрацыі тэлеканала”. Па яго словах, кіраўніцтва царквы чакае рэакцыі пракуратуры і гаспадарчага суда Мінска на іскавую заяву аб прымушэнні канала СТБ абвергнуць інфармацыю, перададзеную ў рэпартажах ад 14 і 15 кастрычніка. “З пракуратуры горада Мінска нам паведамілі, што для правядзення праверкі справа перададзена ў пракуратуру Цэнтральнага раёна сталіцы”, — сказаў С.Луканін.

Паводле www.naviny.by

http://www.naviny.by/rubrics/society/2006/11/04/ic_news_116_261623/

‹‹ на галоўную | у архіў