Кожнаму турысту беларускую самагонку
У Мінску праходзіць міжнародная выстава “Турбізнес”. Яна арганізавана Нацыянальным выставачным цэнтрам “Белэкспа” ды Міністэрствам спорту і турызму. Якія маршруты прапануюцца наведвальнікам? Ці можа чалавек праз іх даведацца нешта цікавае пра гісторыю, культуру роднай краіны?
Напрыклад, “Магілеўаблтурыст” прапануе экскурсію “Малая Радзіма”, якая аб’ядноўвае Шклоў і вёску Александрыю. Прадстаўніца аблвыканкама Надзея Ляшчына каментуе гэта для радыё “Свабода”: “У сярэдняй школе знаходзіцца музей-клас таго часу, калі вучыўся Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Дзяцей уражвае, што ў класе такія нязручныя парты тых часоў, мапа свету і партрэт Леніна. Можна сказаць, бедная абстаноўка. І настаўнікі, якія памятаюць і вучылі прэзідэнта, апавядаюць пра яго ў гэтай школе”.
Зазываюць турфірмы таксама наведаць “Лінію Сталіна”. Ёй прысвечана адмысловая экспазіцыя на выставе. Тут жа распаўсюджваецца выступ Сталіна на парадзе Чырвонай арміі 7 лістапада. На пытанне “якія яшчэ матэрыялы з’явяцца на “Лініі”? Адказная за экспазіцыю Ганна Дудзіна кажа: “Цяпер мы знайшлі прамову Сталіна 9 траўня 1945 года. Спадзяемся, што хутка пакажам гэтую прамову ўсім”.
Вялікая ўвага надаецца таксама спартовым навабудам. Да прыкладу, гарналыжны цэнтр “Сілічы” прапануе адпачынак на адну персону на выходныя ад 246 тысяч рублёў. У развіццё цэнтра ўкладаюцца значныя сродкі. Неўзабаве з’явіцца крыты каток. А суседні спартыўна-аздараўленчы комплекс “Лагойск” сярод іншага прэзентуе на выставе спіртовыя напоі. Тлумачыць Марыя Бухвал: “Гэта ў нас нашы фірмовыя наліўкі “Хрэнавушка”, “Клюкаўка”, “Кедрач”, “Пярцоўка”. Таксама ў праекце самагонны апарат. Мы ўжо пабудавалі самагонны апарат. Хутка будзем вырабляць сваю ўласную самагонку. Гэта як традыцыя, арыгінальнае нешта, як з даўніны”.
Эксклюзіўныя, змястоўныя экскурсіі па Беларусі для турфірмаў не асноўны накірунак. Іх ладзяць хіба энтузіясты. Да прыкладу, праз інтэрнэт Зміцер Каспяровіч прапануе сяброўскае падарожжа “Замкі Беларусі”: “Увогуле турыстычныя стандартныя маршруты, якімі карыстаюцца ўсе турфірмы, з’явіліся у пачатку 90-х гадоў. Асноўныя грошы турфірмы зарабляюць на замежным выязным турызме. Турфірмы арыентуюцца ў першую чаргу на грошы, і яны бачаць эканамічна немэтазгодным развіваць гэтую сферу. Калі ў кіраўніка турфірмы няма нацыянальнага пачуцця, то ён не будзе займацца гэтымі вандроўкамі па Беларусі, бо зарабляць на вандроўках за мяжу — прасцей”.
Паводле радыё “Свабода”
|