Выстава прысвечаная Дзядам ад суполкі “Пагоня”
3 лістапада ў Мінску адкрылася выставы да дня памінання продкаў — Дзядоў. Арганізавалі імпрэзу сябры мастацкай суполкі “Пагоня”. Выстава праходзіць у памяшканні сядзібы Таварыства беларускай мовы і будзе дзейнічаць месяц.
Выставу да Дзядоў мастакі суполкі “Пагоня” ў новым тысячагоддзі ладзяць упершыню. Раней такое адбывалася толькі ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Ад таго часу шэрагі колішняй “Пагоні” парадзелі — не стала Яўгена Куліка, Пётры Сергіевіча, чые работы таксама пабачаць гледачы. І гэта адметнасць выставы, як кажа адзін з яе арганізатараў Мікола Купава:
— Тут выстаўленыя работы, можна сказаць, карыфеяў нашага мастацтва. Прыходзьце, людзі, глядзіце. Будзем памятаць і рабіць усё тое, каб памяць была пра нашых Дзядоў. І пра нашых людзей, якія стваралі Беларусь, яе культуру. І будзем іх услаўляць.
Мікола Купава прапанаваў на выставу партрэты Кастуся Каліноўскага, Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Партрэты іншых асветнікаў Беларусі і мінскія краявіды прапануюць Аляксей Марачкін, Уладзімір Стальмашонак, а таксама маладыя мастакі. Сябры “Пагоні” кажуць, што пасля шматлікіх перашкодаў і забаронаў яны нават і не спадзяваліся, што выставу, прысвечаную Дзядам, можна правесці ў будынку Палаца мастацтваў ці ў памяшканнях дзяржаўных устаноў. Такую магчымасць прапанавала грамадская арганізацыя “Таварыства беларускай мовы”. Вось як гэта пракаментаваў старшыня таварыства Алег Трусаў:
— Дзяржава баіцца гістарычнай памяці, бо баіцца, што будуць параўноўваць. І гэтае параўнанне будзе не на яе карысць. Яна хоча, каб гісторыя пачыналася ўжо не з 1917 года, а прыкладна з 1994-га. Але, я думаю, што з цягам часу ўсё гэта памяняецца і стане на свае месцы. Тым больш што людзі ўжо ведаюць пра Дзяды. Тысячы людзей прыйшлі на могілкі да сваіх блізкіх, было шэсце ў Курапаты — паглядзіце, колькі там крыжоў стаіць. Цяпер будзе шэсце да Лошыцкага яру. А дзяржаўнае свята Дзяды вернецца, я не сумняваюся.
Паводле арганізатараў, наступная выстава “Пагоні” будзе прысвечаная гадавіне Слуцкага збройнага чыну.
Паводле радыё “Свабода”
|