Дзяржаўныя СМІ распальваюць ксенафобію
1 лістапада на сценах будынка пратэстанцкай царквы “Новае жыццё” з’явіўся надпіс “Не таталітарным сектам” за подпісам фашысцкай арганізацыі НБП.
Пастар царквы “Новае жыццё” Вячаслаў Ганчарэнка пракаментаваў гэта так: “Я лічу, што не выпадкова з’яўленне гэтага надпісу на будынку царквы пасля публікацыі ў “Белорусской военной газете” артыкула пад назвай "Куды кліча пастар". Асабіста я расцэньваю гэта як рэакцыю асобных людзей, арганізацый на тое, чым напампоўваюць іх сродкі масавай інфармацыі. Гэта ёсць вынік працы некаторых СМІ. Паняццямі “таталітарная секта”, “дэструктыўная секта” ў дачыненні да пратэстанцкіх цэркваў сродкі масавай інфармацыі аперыруюць даволі часта. А людзі проста паўтараюць іх хлусню. СМІ штучна ствараюць канфлікт паміж Евангельскай царквой і грамадствам. Калі капнуць больш глыбока, то СМІ ў нейкай ступені адлюстроўваюць пункт гледжання ўрада”.
Пастар паведаміў, што вернікі выклікалі міліцыю. “Я хачу, каб усе ведалі, што мы не будзем пакорліва пакутаваць. Усім, хто зацікаўлены ў распальванні падобных канфліктаў, трэба глыбока задумацца аб наступствах сваіх дзеянняў, аб тым, да чаго яны могуць прывесці. Яны могуць распаліць агонь – але ці змогуць яны яго патушыць? Я думаю, што час выбірацца з сярэднявечча і змяняць сваё дачыненне да вернікаў. Сёння XXI стагоддзе”, – адзначыў Вячаслаў Ганчарэнка.
Нагадаем, што вернікі царквы “Новае жыццё” з 6 кастрычніка кругласутачна дзяжураць у будынку храма. Па рашэнні суда, храм быў перададзены мінскім гарадскім уладам, якія палічылі, што царква не можа знаходзіцца ў будынку, які раней, да капітальнага рамонту, быў кароўнікам. Больш за 100 вернікаў трымалі галадоўку пратэсту ў падтрымку царквы 23 дні.
Паводле www.charter97.org
|