Еўрапейскае радыё для Беларусі пра “Бацькаўшчыну”

Улады рэалізуюць стратэгію паглынання апошніх выспаў вольнай думкі

Улады Беларусі спрабуюць стварыць падкантрольны “трэці сектар”. Адной з ахвяраў такой палітыкі можа стаць “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. У гэтага грамадскага аб’яднання настойліва забіраюць памяшканне на мінскай вуліцы Рэвалюцыйная, 15. Нягледзячы на права карыстання ім да 2018 года, прадпрыемства «Мінская спадчына» збіраецца скасаваць дамову аб арэндзе праз суд. У адпаведнасці з планам горада, у іх памяшканні, дзе раней месціўся Беларускі дом і дзе працаваў Інстытут беларускай культуры (з якога, дарэчы, паўстала Акадэмія навук Беларусі) будзе рэстаран. Усім арганізацыям, якія суседнічалі са Згуртаваннем у будынку, знайшлі месцы ў іншых офісах. Як цяпер працуе ЗБС “Бацькаўшчына”, распавядае яго старшыня Алена Макоўская:

— Офіс наш, усе супрацоўнікі працуюць віртуальна. Тыя варыянты, якія былі нам прапанаваныя, мы не маглі разглядаць сур’ёзна, бо гэта, у асноўным, падвалы без вокнаў у жылых дамах з агульным уваходам з іх жыхарамі, якія знаходзяцца недзе на ўскрайку горада, ці сховішчы гародніны ў прамзоне ўздоўж кальцавой дарогі. Я думаю, што мы ўсе цудоўна ведаем, што пытанні беларускай культуры, мовы, асветы, беларускай дыяспары дастаткова палітызаваныя ў нашай краіне. Таму, напэўна, мы не ёсць тая арганізацыя, якая мусіць размяшчацца ў цэнтры горада.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” аб’ядноўвае 135 арганізацый з 25 краінаў свету. Калі дамову аб арэндзе скасуюць, а арганізацыя не знойдзе іншага месца для сябе, яна рызыкуе пазбавіцца юрыдычнага адраса. Гэта, у сваю чаргу, можа прывесці да скасавання юрыдычнай рэгістрацыі. Палітолаг Святлана Навумава лічыць відавочным тое, што пад выглядам фармальна-юрыдычнай падставы ўлады наўмысна перашкаджаюць дзейнасці такіх арганізацый, як “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Святлана Навумава:
— Натуральна, дзяржава хоча замяніць гэтую непадкантрольную рэчаіснасць на падкантрольную. Падмяніць, зрабіць выгляд, што ў нас ёсць такая арганізацыя, але каб яна насамрэч агучвалі зусім іншыя каштоўнасці. Гэта развіццё той палітычнай сістэмы, якую выбудавалі ў Беларусі. Гэтая сістэма, якая будзе паглынаць любыя анклавы вольнай думкі і вольнага дзеяння. Гэта логіка яе развіцця. Улады вельмі заклапочаныя тым, што яны называюць іміджам Беларусі, ці знешнепалітычным іміджам Беларусі. Яны хочуць падаць гэты праект пад назвай “Беларусь” як прывабны, і для гэтага збіраюцца наладзіць кантроль, пачынаючы ад дзяцей, якія спяваюць на “Еўрабачанні”, і заканчваючы арганізацыямі, якія так ці інакш аб’ядноўваюць дыяспары. Гэтая палітыка пачалася нядаўна, толькі года паўтара таму яна стала абдуманай стратэгіяй.

Аднак, паводле словаў Алены Макоўскай, яшчэ рана рабіць высновы. Магчыма, сітуацыя праясніцца, калі справу высялення “Бацькаўшчыны” разгледзіць суд.

Кацярына Буланава,
Еўрапейскае радыё для Беларусі
http://www.belradio.fm/news.php?readmore=530
‹‹ на галоўную | у архіў