Пракурор запатрабаваў для Дашкевіча два гады турмы
У Кастрычніцкім судзе Мінска разглядаецца крымінальная справа супраць лідэра Маладога Фронту Зміцера Дашкевіча. Нагадаем, што яго ўжо паўтары месяцы ўтрымліваюць ў следчым ізалятары, абвінавачваюць у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Mалады Фронт”. Паводле 193-га артыкула КК РБ маладому палітыку пагражае пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі.
Справу супраць Зміцнра Дашкевіча, Сяргея Лісічонка, Барыса Гарэцкага і Алега Корбана 27 сакавіка распачаў аддзел КДБ па барацьбе з тэрарызмам. Раённыя пракуратуры, згодна з распараджэннем КДБ, дапыталі як сведак дзесяткі людзей па ўсёй краіне. Урэшце, абвінавачанне было вынесена толькі Зміцеру, якога ў той жа дзень арыштавалі.
Суд над Зміцерам Дашкевічам, які распачаўся ў панядзелак, 30 кастрычніка, ужо паспеў стаць не проста разглядам справы супраць канкрэтнага чалавека. Суд ператварыўся ў сімвалічную расправу з ідэяй масавай арганізацыі моладзі, незалежнай ад кантролю дзяржавы. На судовае паседжанне не пускаюць нават бацькоў Зміцера.
Сябры Зміцера разгарнулі шырокую кампанію ў ягоную абарону. Ліст у падтрымку Дашкевіча падпісалі вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, сярод якіх Аляксандр Мілінкевіч — ён узначаліў Каміэт у абарону Дашкевіча, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, у тым ліку Уладзімір Арлоў, усяго 1 350 асобаў. Больш тысячы сведак пагадзіліся даць паказанні па палітычнай справе. Сведкі салідарнасці, як і сам Дашкевіч, вырашылі заяўляць у судзе, што ўсе яны з’яўляюцца сябрамі хрысціянска-дэмакратычнага Маладога Фронту, дзейнічаюць не гвалтоўна, згодна ўсіх міжнародных законаў, ставячы перад сабою мэту грунтоўных перамен у беларускай дзяржаве – нацыянальнага адраджэння і духоўнага абуджэння. Два дні запар каля будынку Кастрычніцкага суда праходзіць акцыя салідарнасць з палітычным вязнем. Некалькі соцень грамадскіх актывістаў, палітыкаў і журналістаў стала пікетуюць суд у час разгляду справы. Моладзь трымае ў руках партрэты Зміцера і скандуе “Свабоду палітвязням! Свабоду Дашкевічу!”.
Па апошняй інфармацыі адваката Аляксандра Галіева, прысуд лідэру Маладога Фронту будзе вынесены сёння, 1 лістапада. Таму Малады Фронт заклікае усіх неабыякавых людзей у гэты дзень сабрацца а 16 гадзіне каля будынку суда (вул. Сямашкі, 33) і падтрымаць Зміцера Дашкевіча.


Паводле інфармацыйнай службы МФ
|