Салістка “Гуды” вучыла ў Польшчы спяваць
У этнаграфічным музеі ў Варшаве ў рамках цыклу “Сцежкі традыцыі” адбываюцца варштаты беларускага архаічнага спеву. Праводзіць іх удзельніца вядомага беларускага гурту “Гуда” Вольга Емяльянчык.
Вольга ўжо шмат гадоў прыязджае ў Польшчу на падобныя варштаты, каб выкладаць традыцыйную беларускую музыку.
В. Емяльянчык распавяла: “У этнакультурным плане Беларусь – гэта ўнікальны рэгіён. Нідзе так не захавалася архаічная абрадавая традыцыя, як у нас. Гэты раз на варштаты я прывезла архаічныя абрадавыя спевы. У асноўным мы спяваем дзявочыя песні. Бо большасць абрадавых твораў выконвалася менавіта жанчынамі: вясну загукалі жанчыны, купальскія песні спявалі таксама жанчыны, хмару з неба праганялі таксама яны. Але цяпер сваё жаданне прыняць удзел у варштатах выказалі два хлопцы, таму прыйшлося крыху падкарэктаваць рэпертуар. І таму мы развучваем калядныя песні, якія могуць выконвацца і жанчынамі, і мужчынамі.
Я ўжо шмат гадоў езджу навучаць у Польшчу. Самой цікава, што палякаў настолькі цікавіць усходнеславянская музыка. Гэта не музыка для рэлаксу, яна выконвалася падчас абрадаў, таму яна дае сілу і энергію.
На варштаты прыходзяць людзі, якія, як правіла, альбо цікавяцца этнічнаю культураю, альбо вывучаюць этналогію. Гэта тыя, у якіх душа рэзаніруе на такую музыку. Пасля таго, як яны вучацца пець беларускія, расійскія, украінскія песні, пачынаюць шукаць сваю старажытную музыку. Праз інтарэс да ўсходніх славянаў абуджаецца інтарэс да сваёй культуры.
Навучыць спяваць можна толькі такога чалавека, душа якога адгукаецца на музыку. Ён напачатку можа нават не мець слыху і мець праблемы з голасам. Але, калі душа хоча, то чалавек абавязкова заспявае”.
Агата Кавальчык прыехала на варштаты беларускай песні спецыяльна з Вроцлава. Яна распавяла пра свае мэты: “Гэтым летам я ўжо была на варштатах, якія таксама вяла В. Емяльянчык. Мне вельмі спадабалася, таму, калі я пабачыла, што яна будзе вучыць спяваць у Варшаве, то адразу вырашыла сюды прыехаць. Мяне цікавяць не толькі беларускія песні, але ўвогуле песні з усходняга рэгіёну”.
А. Кавальчык падкрэсліла, што адною з умоваў добрай навукі з’яўляецца разуменне тэкстаў, якія спявак выконвае.
Арганізатар варштатаў беларускай песні Эва Хаміцка кажа, што этнаграфічны музей у Варшаве ўжо шосты раз ладзіць навучанне спевам з іншых краінаў. Яна распавяла, што з’яўляецца не толькі арганізатарам, але і ўдзельнікам варштатаў. Э. Хаміцка зазначае, што архаічныя спевы з розных краінаў вельмі непадобныя: “Напэўна, беларускія спевы адрозніваюцца ад балгарскай і македонскай музыкі, у якіх цалкам іншыя рытмы. Мы, славяне, найперш разныя па гучанню голасу. Заўважальная непадабенства паміж песнямі беларускімі і літоўскімі”.
Заканчэнні сёлетніх варштатаў супала з ІІІ Днямі славянскай спадчыны. У рамках гэтых дзён выступіў гурт “Гуда”, а разам з ім вынікі працы прадставілі і ўдзельнікі варштатаў беларускай песні.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” (http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/)
|