Беніта Ферэра-Вальднер: “З боку Беларусі адчуваецца адсутнасць палітычнай волі для наладжвання супрацоўніцтва”

“Мы гатовыя распачаць з Беларуссю паўнавартаснае супрацоўніцтва”,– заявіла камісар Еўразвязу па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер 18 верасня на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Бруселі.

“Для нас відавочна, што Беларусь з’яўляецца непасрэдным суседам Еўразвязу, і вельмі важна прапанаваць ёй тыя магчымасці, якія ёсць для іншых краін, што паўнавартасна ўдзельнічаюць у еўрапейскай палітыцы добрасуседства”, – сказала еўракамісар.

Спн. Ферэра-Вальднер падкрэсліла, што ўсе прапановы Еўразвязу выкладзеныя ў дакуменце “Што Еўрапейскі Звяз можа даць народу Беларусі”. “Мы ў адказ чакаем паглыблення працэсаў дэмакратызацыі”, – зазначыла яна.

Пры гэтым еўракамісар падкрэсліла, што самымі важнымі ўмовамі для пачатку супрацоўніцтва з’яўляюцца вызваленне палітзняволеных, магчымасці для свабоднай працы СМІ, правядзенне свабодных і сумленных выбараў.

“За час, што прайшоў з моманту прадстаўлення дакумента, мы не заўважылі ніякай рэакцыі ў адказ з боку беларускіх уладаў на нашы прапановы. Адчуваецца адсутнасць палітычнай волі для наладжвання супрацоўніцтва”, – сказала еўракамісар. Яна зазначыла, што цяпер усе перамовы і кантакты паміж Еўразвязам і Беларуссю застаюцца “на тэхнічным узроўні”.

“Мы не можам працаваць з апошнім дыктатарскім рэжымам у Еўропе”, – патлумачыла яна.

Паводле БелаПАН і Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў