Сярод расстраляных у Катыні былі этнічныя беларусы
17 верасня прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі наведаў Катынь на Смаленшчыне, месца масавых расстрэлаў польскіх афіцэраў. Міністэрства нацыянальнай бяспекі Польшчы прыняло рашэнне аб тым, што ўсе польскія вайскоўцы, расстраляныя карнікамі НКВД у Катыні, Харкаве і Медным, будуць пасмяротна павышаныя па службе. Гэта датычыць амаль 15 тысяч чалавек.
У Катыні загінулі ад рук катаў з НКВД не толькі палякі, але і беларусы, якія служылі ў польскім войску, лічыць гісторык Ігар Кузняцоў. “Як мяркуецца, у польскім войску сярод афіцэраў было і этнічныя беларусы, альбо беларусы, якія запісваліся палякамі, прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія жылі на тэрыторыі Заходняй Беларусі да ўваходжання ў склад БССР у верасні 1939 году”, – распавёў гісторык.
Ён выказвае такую версію: “Што тычыцца расстрэлаў польскіх афіцэраў ў 1940 годзе ў Катыні, Харкаве і Медным, то на сёння Расія і Украіна прадставіла Польшчы дадзеныя да спісаў расстраляных. І ў гэтым спісе не хапае каля 4 тысяч афіцэраў польскага войска, якія былі расстраляныя на тэрыторыі Беларусі ў сувязі з гэтай аперацыяй 1940 году. Месца пахавання дакладна не вядомае.
Як я мяркую, у сувязі з тым, што яшчэ падчас следства па Курапатах былі знойдзеныя дакументы пра тое, што з Брэста і Гродна этапавалі афіцэраў з пунктам прызначэння Мінск, я магу сказаць з дакладнасцю 99%, што яны расстраляныя ў Мінску альбо яго ваколіцах. Гэта альбо Курапаты, альбо Парк Чалюскінцаў, альбо Лошыца. На жаль, за ўсе гэтыя гады ніякай добрай волі з боку КДБ ці іншых органаў, якія маглі мець пра гэта інфармацыю, не было. Наколькі я ведаю, усе звароты польскага боку засталіся без адказу”, – кажа І. Кузняцоў.
Паводле гісторыка, грамадскасць прапаноўвала КДБ узяць удзел у гэтай працы, аднак гэтыя звароты таксама засталіся без адказу.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|