Акцыі салідарнасці з Беларуссю прайшлі ў свеце

Шэраг Акцый салідарнасці з Беларуссю прайшлі па ўсім свеце 16 верасня.

У Кіеве акцыя салідарнасці супала з гадавінай знікнення Гонгадзэ

Сёння ў Кіеве адбылася традыцыйная акцыя салідарнасці з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Гэтым разам акцыя супала з сёмай гадавінай знікнення журналіста Георгія Гонгадзе, таму актывісты ініцыятывы “Салідарнасць” вырашылі абмежавацца пятнадцаціхвілінным пікетам ля беларускае амбасады, пасля чаго далучыліся да акцыі памяці загінуўшага журналіста на галоўнае плошчы ўкраінскай сталіцы.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

У Варшаве – пікет ля беларускай амбасады

16 верасня каля будынку беларускай амбасады ў Варшаве адбыўся пікет салідарнасці з палітвязнямі і сем’ямі зніклых палітыкаў і палітвязняў у Беларусі.

Каля чатырох дзесяткаў перадусім студэнтаў з Беларусі, якія вучацца ў польскай сталіцы па праграме імя Каліноўскага, прыйшлі да будынку амбасады з бел-чырвона-белымі сцягамі, партрэтамі зніклых, палітвязняў, плакатамі з надпісамі “Свабоду палітвязням”, “Дыктатара ў Гаагу”.

“Я патрабую вызвалення палітвязняў і высвятлення лёсу зніклых. Так гэтага і не зрабілі. А раптам яны жывыя?” – сказаў удзельнік пікету Сяржук Гіркін.

Беларусаў падтрымалі палякі: “Нам дапамагалі ў камуністычныя часы іншыя народы. А цяпер, калі ў такой сітуацыі беларусы, мы таксама павінны ім дапамагаць. Каб тыя, хто змагаецца, ведалі, што яны не самотныя” – кажа Томаш Бладынец.

Удзельнік акцыі наладзілі таксама перфоманс, у часе якога некалькі чалавек з чорнымі стужкамі на вачах нібыта глядзелі беларускае тэлебачанне, якое замест праўдзівай інфармацыі адурманьвала іх “опіумам для народу”.

Напрыканцы пікету прысутныя запалілі свечкі і пакінулі іх каля будынку амбасады.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

Тэлеграмы палітвязням з Масквы

Каля амбасады Беларусі ў Маскве 16 верасня прайшоў пікет, у якім, як паведамляюць расійскія СМІ, прыняло ўдзел каля 20 чалавек, у асноўным актывісты маладзёвага руху “Оборона”

Потым маладыя людзі прайшлі па вуліцы Марасейка і Чыстапруднаму бульвару да Галоўпаштампта, дзе адаслалі тэлеграмы беларускім палітвязням. Не гледзячы на тое, што акцыя была не санкцыянаваная, ніхто з удзельнікаў затрыманы не быў. Пра гэта паведаміў каардынатар руху “Оборона” Алег Казлоўскі.

Паводле БелаПАН

***
Акцыя салідарнасці адбылася таксама ў Вашынгтоне (ЗША).

Паводле БелаПАН

‹‹ на галоўную | у архіў