Дзярждэпартамент ЗША асудзіў апошнія рэпрэсіі ў Беларусі

Прэсавы сакратар Дзярждэпартаменту ЗША Шон Мак-Кормак учора выступіў з заявай “Рэпрэсіі ў Беларусі”. У заяве канстатуецца, што “беларускія ўлады ўзмацнілі кампанію запалохвання сваіх грамадзян”.

“Апошнім часам апазіцыйны палітык Андрэй Клімаў быў засуджаны на закрытым працэсе за публікацыю матэрыялаў з крытыкай рэжыму Лукашэнкі ў інтэрнэце. Міліцыя арыштавала грамадзян, якія мірна пратэставалі супраць палітычна матываваных судоў над сябрамі “Маладога фронту”, былі арыштаваныя акцёры і гледачы спектаклю, затрыманыя грамадзяне, якія спрабавалі ўзяць удзел у адзначэнні ўгодкаў сярэднявечнай бітвы. Палітычныя партыі, якія плануюць узяць удзел у выбарах наступнага году, паўсталі перад пагрозай страты рэгістрацыі.

Рэжым Лукашэнкі выказваў жаданне палепшыць свае адносіны з ЗША і іншымі дэмакратычнымі краінамі. Аднак пакуль беларускія ўлады не гатовыя датрымлівацца дэмакратычных нормаў, Злучаныя Штаты будуць працягваць ужываць і пашыраць санкцыі супраць адказных у парушэннях”, – гаворыцца ў заяве прэсавага сакратара Дзярждэпартаменту ЗША.

ЗША заклікалі беларускія ўлады “вызваліць усіх вязняў, якія ўтрымліваюцца паводле палітычна матываваных прысудаў, паважаць правы чалавека і фундаментальныя свабоды беларускага народу, уключна з правам на мірныя сходы і выказванне думак”.

“Беларусы плацяць жорсткую цану за выкананне іх асноўных правоў, якія гарантаваныя ў дэмакратычных грамадствах”, – зазначыў Шон Мак-Кормак.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў