Памяці рыцараў Аршанскае бітвы
Памяць народа, яго дзеі, якія ўпісаны залатымі літарамі ў старонках яго жыцця, зачастую застаюцца не толькі забытымі, але адмыслова выкрасленымі і выдаленымі з быцця той ці іншай нацыі. Так сталася з беларусамі. Гісторыя і дзеі іх зямлі перадусім невядомыя ім самім. І таму яскравы прыклад — падзеі 8 верасня 1514 г., калі войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з Кастусём Астрожскім у бітве пад Воршай перамаглі Маскоўскае княства.
9 верасня Таварыства беларускай культуры ў Літве, выправіўшыся ў вандроўку па былых этнічных беларускіх землях, адзначала не толькі гэтае свята, але зазначыла ўсяму цывілізаванаму свету аб яго існасці.
Раніцай сябры ТБК на чале з старшынёй Хведарам Нюнькам выправіліся ў вандроўку, якая стала трэцяй па ліку за гэты год, каб аддаць павагу забытым героям Аршанскай перамогі.
Мы праехалі па рэгіёнах, вядомых не толькі сваёй гісторыяй і знакамітымі асобамі, але і тым, што і сёння тут яшчэ размаўляюць на беларускай мове, але ўжо згубіўшы сваю нацыянальную самаідэнтыфікацыю, і думаючы, што яны палякі.
Першым нашым прыпынкам былі Яшуны. Тут захаваліся (праўда ў занядбаным стане) сядзіба Балінскіх і Снядэцкіх і ў надзвычай цудоўным стане сямейныя могілкі. Гэты род даў шмат навуковых і культурных дзеячаў. Сярод іх: Ян Снядэцкі, рэктар Віленскага ўніверсітэту, прафесар астраноміі, фізікі і матэматыкі, Міхаіл Балінскі, гісторык, Ян Балінскі, прафесар псіхалогіі Пецярбургскай вайсковай акадэміі.
Потым мы спыніліся ў Салечніках і наведалі помнік Кастусю Каліноўскаму – кіраўніку паўстання 1863-64 гг. А таксама літоўскую гімназію тысячагоддзя Літвы, якая ў гэтым годзе адзначыла сваё дзесяцігоддзе. Гледзячы на яе, толькі зайздросціш літоўцам, наколькі яны ўмеюць і могуць думаць аб фармаванні нацыянальна свядомай літоўскай моладзі.
І вось мы ўсё бліжэй і бліжэй да афіцыйнай беларускай мяжы, бачым памежную агароджу, якая падыходзіць да самой дарогі, раздзяляючы тыя народы, што больш за тысячагоддзі жылі разам, мелі супольную гісторыю і дзяржаву.
Прыехаўшы ў Дзевянішкі, адразу вухам схопліваеш тую мову, на якой размаўляюць мясцовыя жыхары. Яны не лічаць сябе беларусамі, за рэдкім выключэннем. Маючы літоўскія прозвішчы, размаўляючы па-беларуску, яны даказваюць, што яны чыстыя палякі.
Самым цікавым і плённым у нашай вандроўцы было наведванне памежнай вёскі Нарвелішкі. Якраз народ збіраўся на нядзельную імшу. І нас у чарговы раз уразіла іх беларуская мова. І тут нас чакала невялікая прыемнасць. Прыехаўшы мясцовы ксёндз (літовец па нацыянальнасці) надзвычай прыязна да нас паставіўся. Нават прамовіў некалькі слоў на беларускай мове і праспяваўшы калядку “Сёння ў Віфлеем, сёння ў Віфлеем”, сказаў, што быў асабіста знаёмы з беларускім ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім. І дадаў, што сапраўды мясцовыя парафіяне варожа ставяцца не толькі да беларускай мовы ў касцёле, але і да літоўскай. На прапанову праспяваць беларускі гімн “Магутны Божа” адгукнуўся сябра ТБК Андрусь Старавойтаў. Праўда, сам ксёндз баяўся рэакцыі парафіянаў, і нават прадугледжваў такі варыянт, што бабулькі могуць выйсці з касцёлу ў часе гучання спеву. Але і на наша здзіўленне і ксяндза, ім не толькі спадабалася гучанне гімну, але ў канцы яны аддзячылі гучнымі апладысментамі.
Напрыканцы вандроўкі мы наведалі знакаміты Нарвілішскі замак. Аб яго гісторыі нам распавёў мясцовы супрацоўнік, апрануты ў адзенне манаха. Пабудова замка звязана з каханнем, калі маладая пара пажадала жыць разам у адным месцы, пасля тут быў кляштар францысканцаў, зачынены расійскімі ўладамі ў 1831 г. за ўдзел манахаў у паўстанні. Пасля тут была створана расійская ваенная база, пасля жаночае вучылішча і вось зараз гатэль.
Так заканчвалася наша вандроўка, прысвечаная рыцарам, што палеглі на Аршанскім полі, баронячы незалежнасць сваёй зямлі. Яны аддавалі ўласныя жыцці, жадаючы бачыць веліч Бацькаўшчыны, яе незалежнасць, яе існасць як Еўрапейскай дзяржавы. І нам сорамна перад іх памяццю. Але нашае жыццё, тое, што мы іх узгадалі – сведчанне, што іх кроў не была дарэмнай, што іх мары аб незалежнай Беларусі збудуцца.
Алесь Адамковіч
|