ЕЗ гатовы развіваць супрацу з Беларуссю толькі пры выкананні пэўных умоў
На думку часовага паверанага ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэла Гулда-Дэвіса, цяпер выбар стаіць менавіта перад Беларуссю.
Найджэл Гулд-Дэвіс падкрэсліў у інтэрв’ю, што без дэмакратычных змяненняў у Беларусі адносіны з ЕЗ “наўрад ці зменяцца карэнным чынам”: “Развіццё эканомікі і энергетыкі, безумоўна, важныя. Але яшчэ больш важна зразумець, што Еўрасаюз – гэта не толькі эканамічны альянс, але таксама палітычная і юрыдычная супольнасць. Ёсць агульныя этычныя і маральныя каштоўнасці і прынцыпы, што з'яўляюцца сутнасцю ідэі аб'яднанай Еўропы. Іх нельга ігнараваць і недаацэньваць”.
Кіраўнік брытанскай дыпмісіі са шкадаваннем зазначыў, што пакуль беларускі бок не прадэманстраваў жадання “зрабіць пэўныя канкрэтныя крокі” для рэалізацыі прапаноў, выкладзеных у дакуменце “Што Еўрапейскі саюз можа даць народу Беларусі”.
Н. Гулд-Дэвіс падкрэсліў, што адным з важных патрабаванняў ЕЗ з’яўляецца “неабходнасць выканання правоў грамадзян Беларусі”, у тым ліку права на свабоду сходаў, асацыяцый і меркаванняў. Нядаўнія суды над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” парушаюць гэтыя правы грамадзян.
“Мы выказваем свой пратэст супраць такіх парушэнняў фундаментальных правоў грамадзян Беларусі”, – адзначыў дыпламат.
Паводле БелаПАН і Радыё “Рацыя” (www.racyja.com)
|