14 гадоў за лекі ад кашлю
Цвярскі суд Масквы прыгаварыў да 14 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму двух грамадзян Беларусі за кантрабанду 1 тысячы таблетак ад кашлю, якія ўтрымліваюць псіхатропныя рэчывы.
Паводле адваката Яўгена Чарнавусава, суд прызнаў Аляксандра Чачурава і Сяргея Лагуна вінаватымі ў кантрабандзе і незаконным збыце псіхатропнага рэчыва: “Мы абавязкова будзем абскарджваць прысуд, паколькі лічым яго незаконным і беспадстаўным”. Адвакат падкрэсліў, што абарона збіраецца дайсці да Страсбургскага суда.
Чачурава і Лагуна затрымалі і ўзялі пад варту 7 сакавіка. Паводле Чарнавусава, “супрацоўнік федэральнай службы па Наркакантролю праз Інтэрнэт замовіў партыю польскіх лекаў “Тусал”. “Пры гэтым ён прадставіўся аптэкарам, а Чачураў і Лагун прывезлі таблеткі ў Маскву, у выніку чаго былі затрыманыя” – распавёў адвакат.
Адвакат мяркуе, што ў дзеяннях яго падабаронных няма складу злачынства: “Таблеткі Чачураў і Лагун збывалі не наркаманам, а ў аптэку. Самае вялікае, што можа быць у іх дзеяннях – гэта парушэнне фармацэўтычнай дзейнасці – адміністратыўная справа”.
Адвакат заўважыў, што “Тусал” не ўваходзіць у спіс зарэгістраваных у Расіі і ўтрымлівае псіхатропнае рэчыва – дзекстраметафан гідрабамід – у малых дозах. У анатацыі да лекаў пазначана, што “Тусал” могуць прымаць нават маленькія дзеці.
Паводле Радыё “Рацыя” (www.racyja.com) і ІА “Інтэрфакс”
|