Пасведчанне паляка за мяжой Польшчы
Сёння Сейм Польшчы прыняў законапраект аб Карце паляка. Гэта своеасаблівае пасведчанне прадстаўніка польскай дыяспары. Беларусы замежжа да гэтага часу не маюць нічога падобнага.
Палякам, якія жывуць у замежжы і не маюць польскага грамадзянства, будзе лягчэй прыехаць, працаваць ці навучацца ў Польшчы. Карта паляка гарантуе бясплатную візу, ільготы на праезд на тэрыторыі Польшчы, лягчэйшае паступленне ў польскія ВНУ.
Згодна з прынятым законапраектам, Карту паляка зможа атрымаць асоба, адзін з бацькоў, дзядуля ці бабуля, якой мелі польскае грамадзянства. Такая асоба таксама павінна ведаць польскую мову і скласці пісьмовую дэкларацыю аб прыналежнасці да польскага народу.
Дэпутаты падкрэслілі, што Карта паляка найперш накіраваная да людзей польскага паходжання з Усходу, якія не могуць мець падвойнага грамадзянства.
Трэба адзначыць, што прадстаўнікі беларускай дыяспары не толькі не маюць ніякіх дакументаў, якія б падцверджвалі іх прыналежнасць да беларусаў і беларускае паходжанне, ніякіх ільготаў у Беларусі, але да гэтага часу ў Беларусі не існуе закон аб беларусах за мяжой.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)
|