Еўразвяз не дазволіць Лукашэнку перабіраць сферы супрацоўніцтва

Еўразвяз выказвае занепакоенасць чарговымі арыштамі грамадскіх актывістаў у Беларусі. Прадстаўніца Еўракамісіі заявіла, што ЕЗ адхіляе прапановы афіцыйнага Мінска аб эканамічным супрацоўніцтве, бо ўмовай супрацоўніцтва з’яўляюцца дэмакратычныя змены ў Беларусі.

Еўразвяз асуджае апошнія прысуды да адміністрацыйных арыштаў на 7 дзён, вынесеныя на гэтым тыдні ў Беларусі актывістам моладзевай арганізацыі “Малады Фронт”. Пра гэта паведаміла прэсавы сакратар Еўракамісіі Крыстыяна Гоман. Яна, у прыватнасці, заявіла: “Мы занепакоеныя паведамленнямі пра арышты на працяглы тэрмін грамадскіх актывістаў за тое, што яны рэалізоўвалі сваё грамадзянскае права на выказванне. Паўтарэнне палітычна матываваных арыштаў, якія мы назіралі ў апошнія месяцы, ставіць пад сумнеў гатоўнасць Беларусі супрацоўнічаць з Еўразвязам”.

Спн. Гоман таксама паведаміла, што Еўразвяз адхіляе прапановы аб больш шчыльным эканамічным супрацоўніцтве, у прыватнасці, у транзіце энергарэсурсаў, зробленыя на гэтым тыдні намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Валерам Варанецкім на канферэнцыі па еўрапейскай палітыцы суседства.

Прэсавы сакратар Еўракамісіі падкрэсліла, што Еўразвяз не дазволіць аўтарытарнаму кіраўніцтву Беларусі перабіраць, у якіх сферах супрацоўнічаць. Яна сказала, што дэмакратызацыя Беларусі застаецца абавязковай умовай для больш шчыльных сувязяў: “Збліжэнне з Еўразвязам патрабуе, каб Беларусь зрабіла пераканаўчыя крокі ў справе дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека, у тым ліку і права людзей выказваць свае думкі і права няўрадавых арганізацый на існаванне”.

У лістападзе летась Еўразвяз вылучыў 12 ўмоваў , якія павінен выканаць Мінск, для паляпшэння адносінаў з аб'яднанай Еўропай. На думку спадарыні Гоман, дзеянні беларускіх уладаў цалкам супярэчаць гэтым умовам.

Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў