Беларускі рок-н-рол на “эміграцыі”
Беларускія музыкі неўзабаве атрымаюць другую пасля “Басовішча” сцэнічную пляцоўку за мяжой. Праз два тыдні ва ўкраінскім горадзе Луцку ўпершыню адбудзецца фестываль беларускай рок-музыкі пад назвай “Права быць свабодным”. Украінскую сцэну атрымаюць тыя гурты, якім у Беларусі ўлады не даюць магчымасці выступаць.
22 верасня ў Луцку, у Цэнтральным парку імя Лесі Украінкі, пад сценамі старадаўняга замку, пройдзе вялікі канцэрт з удзелам вядучых беларускамоўных рок-калектываў. Арганізаваць падобны канцэрт у цяперашняй Беларусі немагчыма: некаторыя з удзельнікаў фэсту прысутнічаюць у негалосных спісах забароненых, а самі песні на беларускай мове сустракаюць непрыязныя адносіны ўладаў. Лозунг фэсту “Права быць свабодным”, такім чынам, адлюстроўвае памкненні музыкаў да свабоднага выказвання ўласных думак, да свабоды творчасці наогул.
Як гарадскія ўлады Луцку паставіліся да ідэі правядзення такога канцэрту і ці лёгка адбываліся з імі перамовы? Пра гэта гаворыць адзін з арганізатараў фэсту, прадзюсара Віталя Супрановіча: “У іх заканадаўства ў гэтым плане вельмі спрыяльнае, усё аказалася даволі проста. Такога, як у нас, калі ты мусіш падаць заяўку за месяц, а потым за пяць дзён атрымаеш адказ, і невядома яшчэ, які ён будзе, там няма. Там жа, па словах тых самых уладаў, яны ў прынцыпе ня маюць права адмовіць камусьці ў правядзенні мерапрыемства”.
Па словах В. Супрановіча, фестываль у Луцку аніяк не варта разглядаць як нейкую канкурэнцыю таму ж “Басовішчу”. Задачы і мэты ў гэтых фэстаў розныя. Пры гэтым адна з мэтаў фэсту ў Луцку – паспрабаваць прасунуць беларускую рок-музыку на ўкраінскі музычны рынак. Нягледзячы на блізкасць нашых краінаў, моладзь Беларусі і Украіны ўсё ж недастаткова добра ведае суседніх выканаўцаў папулярнай музыкі. Відаць, невыпадкова сярод удзельнікаў фэсту “Права быць свабодным” значыцца і адна ўкраінская група “Тінь сонця”, у рэпертуары якой ёсць і песня на беларускай мове.
Ці стане гэты фэст, як і “Басовішча”, традыцыйным? Меркаванне В. Супрановіча: “Гэта залежыць ад таго, як яно адбудзецца ў гэтым годзе, наколькі да фэсту будзе цікавасць беларускіх гледачоў, ці ўсё пройдзе гладка. Але ў нас яшчэ ёсць такая задума, што гэтае мерапрыемства, магчыма, будзе адбывацца штогод не ў тым самым месцы, а ў розных гарадах. Але ва Украіне”.
Такім чынам, 22 верасня ў Луцку ад 14 да 24 гадзіны сваімі песнямі з беларускімі і ўкраінскімі аматарамі рок-музыкі падзеляцца групы “Уліс”, “Крама”, “Нейра дзюбель”, “Тав. Маўзэр”, “Indiga”, “Znich”, “B:N:”, “Сцяна” і “Тінь Сонця”.
Спецыяльна да фестывалю ў інтэрнэце зроблены сайт, які можна адшукаць па адрасе www.festsvabody.org, а таксама суполка на сайце блогаў “Жывы журнал” http://fest-svabody.livejournal.com/. Для аматараў музыкі з Беларусі ладзяцца аўтобусныя паездкі, на выпадак дрэннага надвор’я непасрэдна блізу фестывальнай сцэны можна будзе паставіць намёты.
Уявіць сабе намётавы гарадок і беларускі рок-н-рол у цэнтральным парку Мінску пакуль немагчыма. Каб такое пабачыць і пачуць, варта ехаць ва Украіну, у Луцк.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|