У Таварыстве беларускай культуры ўспаміналі Лявона Луцкевіча
28 ліпеня ў Таварыстве Беларускай Культуры Літвы адбылася імпрэза, прысвечаная 10 угодкам з дня смерці Лявона Луцкевіча.
Распачаў мерапрыемства старшыня ТБК Хведар Нюнька, ён павіншаваў прысутных з днём незалежнасці Беларусі, абвешчанай ў 1990 г. Тады Дэкларацыю пра дзяржаўны суверэнітэт прыняў Вярхоўны Савет Беларусі, якім кіраваў Станіслаў Шушкевіч. Удзельнікі паседжання прапанавалі, каб прафесар Станіслаў Шушкевіч стаў ганаровым сябрам ТБК.
Потым пачалася частка імпрэзы непасрэдна прысвечаная Лявону Луцкевічу. Першым выступіў з успамінамі Хведар Нюнька, ён каротка напомніў прысутным біяграфію Л. Луцкевіча. Нарадзіўся вядомы дзеяч беларускай грамады ў Вільні ў сям’і беларускіх інтэлігентаў, вучыўся ў легендарнай Віленскай Беларускай гімназіі, за беларускую дзейнасць быў асуджаны, адбываў пакаранне на Калыме, пасля хрушчоўскай адлігі вярнуўся ў Вільню.
Л. Луцкевіч быў адным з першых, хто пачаў адраджаць беларускае культурнае жыццё напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Ён быў разам з Хведарам Нюнькам, адным з тых, хто заснаваў ТБК, быў духоўным кіраўніком беларускай суполкі. Сп. Хведар нагадаў прысутным, аб крыўдзе, якая засталася ў Л. Луцкевіча. Ён марыў, каб кватэра беларускага мастака Пётры Сергіевіча ў Вільні, дзе на працягу дзесяцігоддзяў гуртаваліся беларусы, засталася кватэрай-музеем. На жаль, беларуская амбасада не змагла даплаціць адпаведнай сумы грошай і яе набыў бізнесовец з Грузіі. На доме ўсталявалі мемарыяльную дошку з бронзы. Пры адкрыцці выступаў Лявон Луцкевіч і ён сказаў: “Хай гэта застанецца на сумленні тых, хто мог зрабіць, але не зрабіў”.
Потым выступіў Андрусь Старавойтаў. Ён упершыню пачуў голас дзядзькі Лявона па радыё, калі жыў у Маладзечне і паставіў сабе за мэту абавязкова пазнаёміцца з Л. Луцкевічам, што і адбылося ў Вільні. Добрыя стасункі між імі, па словах А. Старавойтава, доўжыліся да апошніх дзён жыцця сп. Лявона.
Выступіла загадчыца беларускай кафедры ў Віленскім педагагічным універсітэце др. Лілея Плыгаўка, якая між іншым адзначыла, што каб не Л. Луцкевіч і Хв. Нюнька не было б у Вільні ні беларускай школы, ні беларускай кафедры.
У пачатку 90-х гадоў Л. Луцкевіч заклікаў падтрымаць незалежнасць Літвы. Ён аргументаваў гэта тым, што суседняя дэмакратычная краіна будзе служыць на карысць беларусам. Ягоная кніга “Вандроўкі па Вільні”, жывы голас на радыё і ў тэлеперадачах, ўспаміны аб ім – узмацняюць падмурак беларускасці. “Яго справа працягваецца, - сказаў Хведар Нюнька, - і знаходзіцца ў надзейных руках”.
Спадар Лявон памёр, калі закончыўся 2 з’езд беларусаў свету, у той жа дзень адышла ў іншы свет беларуская паэтка Наталля Арсеньева. Імя Лявона Луцкевіча застанецца ў гісторыі Бацькаўшчыны, як і яго бацькі Антона Луцкевіча, і дзядзькі Івана Луцкевіча.
Напрыканцы імпрэзы прысутныя паглядзелі відыяфільм ТБК “Пахаванне Лявона Луцкевіча”. Да гэтага дня была таксама спецыяльна падрыхтавана выстава кніг, у якіх згадваецца Лявон Луцкевіч.
Леакадзія Мілаш
|