Семінар для беларускіх партнёраў
7 верасня ў Вільне ў Доме правоў чалавека адбудзецца інфармацыйны семінар, прысвечаны Вышэградскай групе.
На сустрэчы старшыняў Урадаў краінаў В-4, што адбылася 18 чэрвеня 2007 г. у Браціславе, Чэшская рэспубліка пераняла кіраўніцтва Вышэградскай групай (www.visegradgroup.eu) на наступны год. Падчас сустрэчы прэм’еры ўзгаднілі праграму старшынства, у якой, па прапанове чэшскага боку адным з галоўных прыярытэтаў абвешчаная падтрымка дэмакратыі ды правоў чалавека ў свеце.
У сувязі з гэтым МЗС Чэхіі ў супрацоўніцтве з Міжнародным Вышэградскім фондам (www.visegradfund.org) і задзіночаннем “Грамадзянская Беларусь” (www.civicbelarus.eu) падрыхтавала інфармацыйны семінар. Мерапрыемства прысвечана Вышэградскай групе і арганізавана для беларускіх партнёраў (студэнты ці сябры недзяржаўных арганізацыяў).
Падрыхтаваная прэзентацыя пакажа інфармацыю пра ўзнікненне, мэты ды сутнасць вышэградскага супрацоўніцтва, актуальныя звесткі пра магчымасці падтрымкі праектаў з боку Міжнароднага Вышэградскага фонду, а таксама асноўныя рысы плану дзеянняў В-4 падчас чэшскага старшынства. У канцы семінару адбудзецца дыскусія пра перспектывы дзеянняў Вышэградскай групы і Вышэградскага фонду ў беларускім кірунку.
За больш падрабязнай інфармацыяй звяртайцеся на сайты арганізатараў: www.visegradgroup.eu, www.visegradfund.org, www.civicbelarus.eu, www.humanrightshouse.org.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|