Музычны дэсант на мяжы
“Музыка адкрывае межы”. Пад такім лозунгам 25-26 жніўня на літоўска?беларускім памежжы прайшоў міжнародны музычны фестываль “Будзьма разам”. Акрамя музычна-забаўляльнай, імпрэза несла і пэўную палітычную нагрузку.
Не выпадкова фэст праходзіў літаральна за 50 метраў ад беларускай мяжы, у літоўскай вёсцы Нарвілішкі. Галоўным спонсарам фестывалю выступіла Міністэрства замежных спраў Літвы, а лозунг мерапрыемства – “Музыка адкрывае межы” – быў відавочна скіраваны ў бок суседняй Беларусі.
Запланаваны фестываль быў як грандыёзная фіеста – найвялікшы музычны праект у Прыбалтыцы. Ці атрымалася ўсё як задумана, і ці апраўдала сябе задума фестывалю як крок літоўцаў насустрач беларусам – пытанне, але арганізатары стараліся. Колькасць удзельнікаў, праўда, відавочна не дацягнула ані да заяўленых 15, ані да 10 тысяч. Аднак якасць музыкі і арганізацыі мерапрыемства ад гэтага зусім не пацярпела.
Побач з дзвюма вялізнымі сцэнамі размясцілася намётавае мястэчка. Над мястэчкам – вялікая колькасць бел-чырвона-белых сцягоў. Сярод гасцей фэсту – былі і беларусы, якіх можна было пазнаць і па лозунгах “Жыве Беларусь!” і “Беларусь – у Еўропу”.
У фэсце ўдзельнічалі каля 50 гуртоў з розных краінаў сьвету. “New York Ska Jazz Ensemble”, “Morcheeba”, “Bloodhound Gang” з ЗША, “The Young Knives” і “Therapy?” з Вялікай Брытаніі. Таксама прыехалі модныя групы з Ісландыі (“Leaves”), Фінляндыі (“Poets of the Fall”), Латвіі (“Tribes of the City”) і Польшчы (“Myslovitz”).
Вельмі цёпла публіка ўспрымала папулярныя беларускія гурты – “Ляпіс Трубяцкой”, “IQ 48” і “Drum Ecstasy”.
Адным з яскрава-беларускіх момантаў стаў выступ гурту “Ляпіс Трубецкой”. Харызматычны лідэр гурту Сяргей Міхалок не грэбаваў беларускай мовай ў сваіх зваротах да гледачоў і ў песнях.
Можна сказаць, што просьба беларускага міністэрства замежных спраў да арганізатараў фестывалю пазбегчы “антыбеларускіх заяў і правакацый” была задаволеная. Ані парушэнняў дзяржаўнай мяжы, ані якіх-небудзь надта палітызаваных выступаў ці эксцэсаў – нічога такога не было.
Арганізатар фэсту Гедрус Клімкявічус перакананы, што “апошняя мяжа ў Еўропе – жалезная мяжа. Яна разбурыцца з дапамогай музыкі”. І дадаў, што мае на ўвазе не толькі фізічную мяжу паміж Літвой і Беларуссю, а галоўнае – мяжу ў свядомасці, у розумах”.
Адзін з гасцей фестывалю, міністр замежных спраў Літвы, былы яе амбасадар у Беларусі Пятрас Вайцекунас адзначыў: “Галоўнае – сказаць усім, і беларусам, і літоўцам, і Еўразвязу, што мы, еўрапейцы, можам і мусім быць усе разам. Разам з беларусамі, разам з расіянамі, разам з украінцамі”.
Ці прыжывецца фестываль у літоўскім апендыксе, каля самай-самай беларускай мяжы – прагназаваць цяжка. Як камерцыйны праект “Будзьма разам” наўрад ці ўтрымаецца. Застаецца спадзявацца, што віншаванні і пажаданні з боку Еўрапейскай камісіі і прэзідэнта Літвы, каб фестываль быў паспяховы, і ў наступным годзе будуць падмацаваныя салідным фінансаваннем. Прынамсі беларусы будуць дакладна “ЗА”, каб сяброўства Беларусі і Літвы далей заахвочвалася такімі вось фестывалямі.
Паводле Deutsche Welle (/www.dw-world.de/dw/0,2142,9500,00.html),
“Нашай Нівы” (www.nn.by) і Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|