Беларуская музыка ў Маскве

“Чатыры стагоддзі беларускай вакальнай музыкі” будуць прадстаўленыя ў Маскве ў рамках Міжнароднага музыкальнага фестывалю “Збіраем сяброў”. Праграму пад такой назвай пакажа 20 жніўня ў расійскай сталіцы Беларуская акадэмія музыкі.

У праграму ўключаныя творы невядомых беларускіх аўтараў XVII—XVIII ст., чыя цудоўная музыка не згубілася ў часе. Прагучаць таксама бессмяротныя творы Васіля Цітова, Антонія Радзівіла, Міхала Клеафаса Агінскага, Станіслава Манюшкі, Напалеона Орды. Не забыліся стваральнікі праграмы і сучасную беларускую музыку, якая будзе прадстаўленая творамі Леаніда Захлеўнага, Ігара Лучанка, Уладзімера Солтана.

Вечар беларускага вакалу пройдзе на адной з самых славутых сцэнаў — у Рахманінаўскай залі Маскоўскай кансерваторыі імя Чайкоўскага. А прэзентуюць масквічам анталогію беларускай музычнай культуры вакалістка Алена Золава-Гаўрыльчык і піяністка Тацяна Молакава.

Фестываль “Збіраем сяброў” праходзіць у Маскве ад 15 да 22 жніўня.

Паводле БЕЛТА і “Нашай Нівы” (www.nn.by)

‹‹ на галоўную | у архіў