Еўрапейцы цікавяцца Беларуссю

15 жніўня з польскага мястэчка Белавежа стартаваў міжнародны веласіпедны тур “Салідарнасць з турыстычнай Беларуссю”. Ініцыятарам яго правядзення з’яўляецца грамадзянін Галандыі Мэнна Хаўстра, прадстаўнік Еўрапейскага цэнтру па эка- і агратурызму.

Мэта туру, сцвярджаюць арганізатары, атрымаць як мага больш інфармацыі пра Беларусь каб пазнаёміць з ёй жыхароў Галандыі. У складзе групы ўдзельнікаў з адзінаццаці турыстаў восем галандцаў, два бельгійцы і адзін француз. Пасля перасячэння беларуска-польскай мяжы ў Пярэраве, што ў Пружанскім раёне, да групы далучыліся і беларусы. Сярод іх вядомы берасцейскі аматар веласіпедных падарожжаў, кандыдат філасофскіх навук, загадчык кафедры мясцовага тэхнічнага ўніверсітэта Георгій Грыбаў, які, дарэчы, з’яўляецца аўтарам і каардынатарам маршрута па Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне.

Удзельнікі туру плануюць за 30 дзён пераадолець каля 800 км па беларускіх дарогах, пазнаёміцца з людзьмі і прыродай Беларусі, а таксама вызначыць новыя маршруты для “экалагічных калідораў”.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by)

‹‹ на галоўную | у архіў