МЗС Польшчы пратэстуе супраць забароны польскім палітыкам уехаць у Беларусь
Міністэрства замежных спраў Польшчы заявіла пратэст надзвычайнаму і паўнамоцнаму паслу Беларусі ў Польшчы Паўлу Латушку ў сувязі з забаронай на ўезд у Беларусь польскім парламентарыям.
“Увечары 15 жніўня пасол Павел Латушка быў выкліканы ў польскае МЗС, дзе яму быў заяўлены пратэст”, – паведаміла начальнік аддзела прэс-службы МЗС Марыя Ваньшына.
Нагадаем, што 15 жніўня на памежным пераходзе “Брузгі” беларускія памежнікі забаранілі ўезд на тэрыторыю рэспублікі віцэ-спікеру Сената Польшчы Кшыштафу Путру, лідэру апазіцыйнай партыі “Грамадзянская платформа” Дональду Туску і дэпутату польскага Сейма Роберту Тышкевічу. Польскія палітыкі ехалі ў Гродна для ўдзелу ў мерапрыемствах з нагоды нацыянальнага свята – Дня Войска Польскага.
Як вынікае з тлумачэнняў афіцыйнага прадстаўніка памежнага пераходу “Брузгі”, “згаданыя дзеянні цалкам адпавядаюць міжнародным нормам, у прыватнасці артыкулу 90 2-га пункта Венскай канвенцыі аб міжнародных зносінах, у якім гаворыцца аб тым, што дзяржава знаходжання мае права адмовіць ва ўездзе пэўнай катэгорыі грамадзян”.
У афіцыйным каментары МЗС Беларусі сцвярджалася: “Беларускі бок загадзя папярэдзіў польскі бок, што некаторым яго прадстаўнікам, якія плануюць ажыццявіць паездку ў Гродна, будзе адмоўлена ва ўездзе ў краіну”.
Паводле БелаПАН і Радыё “Рацыя” (www.racyja.com)
|