Памерла Галіна Войцік

Сёння раніцай у Вільні, на 81-м годзе жыцця, памерла вядомая беларуская дзяячка, спецыяліст у старанямецкай мове Галіна Войцік.

Галіна Войцік нарадзілася 1 ліпеня 1927 г. Яна была дачкой Антона Войціка і Зоські Верас. Вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, Віленскім універсітэце. Закончыла аспірантуру пры Інстытуце замежных моваў у Маскве. Абараніла кандыдацкую дысертацыю. Выкладала нямецкую мову ў Віленскім педінстытуце, працавала на беларускай кафедры Віленскага педуніверсітэту.

Галіна Войцік стварыла нізку “Партрэтаў віленчукоў” пра знакамітых беларускіх дзеячаў, у тым ліку і пра свайго мужа Лявона Луцкевіча, якога яна перажыла роўна на 10 гадоў.

Развітацца з Галінай Войцік можна будзе 15 жніўня, у комплексе на вуліцы Аланду, паведамляе ў сваім блогу pgrigas.

Паводле “Нашай Нівы” (www.nn.by)

‹‹ на галоўную | у архіў