Распачаўся чарговы конкурс на журналісцкую прэмію імя Буцэрыюса
Нямецкі фонд “Zeit-Stiftung” і нарвежскі фонд “Fritt Ord” аб’явілі пра чарговы, дзесяты па ліку конкурс на прэмію імя вядомага нямецкага выдаўца, журналіста і юрыста Герда Буцэрыюса.
Як заявілі арганізатары, мужная праца прадстаўнікоў незалежных СМІ Расіі, Беларусі, Украіны, Малдовы, Арменіі, Азербайджану, Грузіі па-ранейшаму застаецца ў полі ўвагі іх калегаў з Заходняй Еўропы, іх дзейнасць і надалей будзе сустракаць падтрымку.
Паводле кіраўніка фонду газеты “Zeit” Міхаэля Гёрынга, “Герд Буцэрыюс заўсёды выступаў за свабоду прэсы ва Усходняй Еўропе. Прэмія яго імя ёсць працягам традыцыяў, а таксама абаронай працуючых ва ўмовах несвабоды крытычных медыяў”.
“Пошукі праўды, якія вядуць асабліва мужныя журналісты постсавецкіх краін, ёсць неабходнай умовай для развіцця дэмакратыі ва ўсёй Еўропе”, – перакананыя прадстаўнікі фонду “Fritt Ord”.
Чарговыя лаўрэаты прэміі імя Буцэрыюса будуць вызначаныя міжнародным журы будучай вясной. Апошні тэрмін падачы заявак – 15 кастрычніка 2007 г.
Сярод сёлетніх лаўрэатаў конкурсу імя Герда Буцэрыюса – беларуская газета “Наша Ніва” і беларускі моладзевы мультымедыйны праект “СD-mag”. У мінулыя гады пераможцамі ад Беларусі былі агенцтва БелаПАН, газеты “Народная Воля”, “Свободные Новости”, “Витебский курьер”, “Белорусский рынок”, “Брестский курьер”, “Белорусская деловая газета”, “Салідарнасьць”, журналісты Святлана Калінкіна, Мікола Маркевіч, Ася Трацюк.
Паводле Радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|