Дрэздэн пабачыць беларускую рэчаіснасць
З 14 жніўня па 6 верасня ў Дрэздэне (Германія) пройдзе серыя культурных мерапрыемстваў, прысвечаных сітуацыі ў Беларусі – “У фокусе Беларусь – Вобразы беларускай рэчаіснасці”.
14 жніўня адкрыецца выстава работ фатографа Андрэя Лянкевіча.
17 жніўня з удзелам беларускіх і нямецкіх экспертаў пройдзе семінар пра сітуацыю ў Беларусі. Удзельнікі плануюць абмеркаваць жыццё звычайных людзей у краіне, а таксама працу арганізацый грамадзянскай супольнасці.
27 жніўня ўсе жадаючыя запрашаюцца на чытанні “Літаратура маладых – беларусамі пра Беларусь”. Будуць прадстаўленыя творы культуролага Артура Клінава, а таксама журналістаў Надзеі Лазко, Хайке Забель і Інга Петца.
30 жніўня ў Дрэздэне пройдзе канцэрт “53!”, прысвечаны дню народзінаў беларускага прэзідэнта. Так гледачоў чакае пастаноўка “Гісторыя Лукі Шэнка, які хацеў быць кракадзілам”, а таксама шмат музыкі і паветраных шарыкаў.
3 верасня нямецкі дакументаліст Себасціян Хайнцэль прадставіць свой фільм пра Беларусь “89 міліметраў – Жыццё ў апошняй дыктатуры Еўропы”. Дакументальная работа апісвае жыццё шэсці маладых беларусаў, кожны з якіх па-свойму бачыць жыццё ў сваёй краіне.
6 верасня арганізатары запрашаюць на заключны канцэрт з удзелам нямецкіх груп “SOLCHE” (Кемніц) і “EXPRETUS” (Дрэздэн).
Праграма “У фокусе Беларусь – Вобразы беларускай рэчаіснасці” арганізавана грамадскімі культурнымі аб’яднаннямі Дрэздэна “riesa efau”, “impreuna” і “Kultur Aktiv”. Мерапрыемствы таксама падтрымалі Федэральны цэнтр палітычнай адукацыі ўраду ФРГ, Нямецкае аб’яднанне вывучэння Усходняй Еўропы, Нямецка-беларускае аб’яднанне.
Паводле www.naviny.by
|