Семнаццаць імгненняў незалежнасці
27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. “Прайшло ўжо 17 гадоў, і цяпер ўсё больш усведамляеш, што заявіць пра сваю незалежнасць у 1990 г. – гэта было вельмі годным крокам”, – кажа вядомы палітык Станіслаў Шушкевіч, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.
Ён лічыць, што гэта другая па значнасці дата ў сучаснай гісторыі Беларусі пасля 25 сакавіка 1918 г., калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.
Паводле слоў палітыка, ён рады, што і сам меў дачыненне да падзей 27 ліпеня 1990 г. (з мая 1990 г. па верасень 1991 С. Шушкевіч займаў пасаду першага намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Беларускай ССР).
Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка таксама лічыць, што 27 ліпеня – гэта адна з найважнейшых датаў пабудовы незалежнай дзяржавы. “27 ліпеня быў зроблены гістарычны юрыдычны і палітычны крок для адраджэння беларускай незалежнасці”, –сказаў палітык. Трыумфам жа беларускага адраджэння В. Вячорка лічыць падзеі 25 сакавіка 1918 г.
Паводле БелаПАН і Радыё “Рацыя” ( www . racyja . com )
|