Літва: справа аб выдачы ўцекача з Беларусі адкладзеная

Сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Аляксандр Янкоўскі, просьба якога аб палітычным прытулку вырашаецца ў Бельгіі, быў затрыманы ў часе сваёй паездкі ў Літву па звароце беларускіх праваахоўных органаў. Сёння Віленскі акруговы суд часова адклаў справу аб яго экстрадыцыі ў Беларусь.

37-гадовы А. Янкоўскі быў затрыманы на польска-літоўскай мяжы. Ён мае беларускае грамадзянства і дазвол на жыхарства ў Бельгіі, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Ягоная справа аб палітычным прытулку пакуль што не вырашаная.

Сёлета А. Янкоўскі прасіў прытулку і ў Літве, але Літва адмовіла на той падставе, што А. Янкоўскі ўжо меў дазвол на сталае жыхарства ў Бельгіі. Пры гэтым міграцыйны дэпартамент Літвы выдаў беларускаму грамадзяніну дазвол на часовае пражыванне ў краіне.

Як паведамляе літоўская прэса, намеснік генеральнага пракурора Беларусі А. Іваноўскі ў заяве да пракурора Літвы сцвярджае, што нібыта 29 траўня 1999 г. у славацкім горадзе Бойніца А. Янкоўскі разам з хаўруснікамі напаў на супрацоўнікаў масажнага салону, збіў іх, пагражаў ім нажом і патрабаваў грошы. У заяве з Беларусі паведамляецца, што А. Янкоўскі быў затрыманы славацкімі паліцыянтамі, але адразу вызвалены. А. Іваноўскі таксама паведаміў літоўскай пракуратуры, што А.Янкоўскі 2 верасня 2001 г. у Астраўцы ў рэстарацыі “Беларусь” напаў на двух наведнікаў і збіў іх.

У 2002 г. А. Янкоўскі быў аб’яўлены ў вышук у Беларусі, але ўжо ў той час ён хаваўся ў Літве, а ў жніўні 2002 г. папрасіў палітычнага прытулку ў Бельгіі.

Старшыня Беларуска-еўрапейскага задзіночання з Бельгіі Зміцер Піменаў паведаміў, што гэта ўжо не першы выпадак, калі беларускія ўлады пачынаюць крымінальную справу супраць беларускіх палітычных уцекачоў.

На думку сп. Піменава, што палітычная матывацыя справы супраць Янкоўскага відавочная: “Лічу, што гэта менавіта з-за яго палітычнай актыўнасці. Адносна таго, што на яго была нейкая крымінальная справа, я даведаўся наступнае: гэтая справа сфальсіфікаваная. Той чалавек, які падаваў на Янкоўскага ў суд, зрабіў гэта пад прымусам, на яго чынілі ціск міліцыянты. Ужо ёсць распіска ад яго, што ніякіх прэтэнзіяў да А. Янкоўскага ён не мае. А следчы, які вёў справу Янкоўскага сем ці пяць гадоў таму, сам цяпер сядзіць у турме”.

Раней А. Янкоўскі не раз ездзіў у Вільню – да сястры сваёй маці і па справах бізнесу, але дасюль ніхто яго не затрымліваў. Генеральная пракуратура Літвы гэтым разам у адказ на просьбу з Беларусі звярнулася ў Віленскі акруговы суд з просьбай аб экстрадыцыі А. Янкоўскага.

На судзе А. Янкоўскі заявіў пра тое, што яго ў Беларусі за палітычную дзейнасць не раз затрымлівала і жорстка збівала міліцыя, што яму пагражалі “стратаю здароўя і волі”, калі ён будзе і надалей падтрымліваць КХП-БНФ.

Сёння Віленскі акруговы суд, які разглядаў пытанне аб экстрадыцыі Аляксандра Янкоўскага, вырашыў яшчэ раз звярнуцца ў Бельгію і высветліць, ці вырашана справа аб яго палітычным прытулку. А. Янкоўскі вызвалены, але ў яго забралі дакументы.

Найбольшы інфармацыйны партал краінаў Балтыі “DELFI” цытаваў словы прадстаўніцы генеральнага пракурора Літвы. Яна падкрэсліла, што А. Янкоўскі абвінавачваецца ў крымінальных, а не палітычных злачынствах: “Мы даўно супрацоўнічаем з Беларуссю і дасюль не было падставаў сумнявацца ў кампетэнцыі беларускіх калег”.

Сябры Беларуска-еўрапейскага задзіночання ўжо звярталіся з просьбай вызваліць А. Янкоўскага ў амбасаду Літвы і ў Віленскі акруговы суд. Беларусы Бельгіі плануюць арганізаваць пратэсты перад літоўскай амбасадай у тым выпадку, калі Віленскі акруговы суд вырашыць пытанне аб экстрадыцыі Янкоўскага станоўча.

Тым часам заўтра беларусы Бельгіі плануюць пікет з пратэстам супраць затрыманняў у Беларусі Паўла Севярынца і сяброў незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі “Малады фронт”.

Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )

‹‹ на галоўную | у архіў