Бацькі Руслана Цімашэнкі: “Наш сын быў шчаслівы ў Амерыцы”
Бацькі загінулага нью-ёркскага паліцыянта Расэла (Руслана) Цімашэнкі ў інтэрв’ю “New York Daily News” выказалі падзяку ўсім нью-ёркцам, якія падтрымалі сям’ю ў самы трагічны час: калегам Расэла – паліцыянтам, а таксама медыкам, святарам розных канфесіяў, прадстаўнікам гарадскіх уладаў, палітыкам, сябрам, тысячам раней не знаёмых ім людзей.
Ураджэнец Бабруйску Руслан Цімашэнка памёр 14 ліпеня ў нью-ёркскім шпіталі “Kings County”. За некалькі дзён да гэтага ў часе патрулявання 71-га ўчастку ў Брукліне ён спрабаваў спыніць машыну са злачынцамі, аднак, быў расстраляны. Гарадскія ўлады пасмяротна далі Цімашэнку званне дэтэктыва.
Паводле бацькоў Таццяны і Леаніда, пра паліцэйскую кар’еру іх сын марыў усё сваё кароткае жыццё. У інтэрв’ю “New York Daily News” старэйшыя Цімашэнкі кажуць, што пасля трагічнага здарэння яны пастаянна задаюць сабе пытанне: ці варта было ў 1993 г. пераязджаць з Беларусі на сталае жыхарства ў ЗША?
“Мы шукалі лепшага жыцця для нашага сынка”, – кажа Тацяна. – Толькі дзеля нас саміх мы б не зрабілі такога кроку. Мы не размаўлялі па-англійску… Мы прыехалі ў Амерыку толькі з шасцю валізкамі – па дзве на кожнага. Ці шкадуем мы? Крыху. З іншага боку невядома, ці стаў бы на радзіме Руслан тым чалавекам, якім ён стаў тут? Тут у ЗША ён быў шчаслівым”.
18 жніўня Расэлу Цімашэнку павінна было б споўніцца 24 гады. Перад тым, як пайсці служыць у паліцыю, ён зрабіў на сваёй спіне татуіроўку анёла-выратавальніка, які мусіў быў ратаваць яго ад нечаканых куляў. Аднак злачынцы расстралялі яго ў твар.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|