“Басовішча–2007”
У мястэчку Гарадок, што на Беласточчыне, праходзіць традыцыйны фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча–2007”. Цягам трох дзён на сцэне выступіць больш за 30 гуртоў з Беларусі, Польшчы, Украіны і Літвы.
Галоўны арганізатар “Басовішча” – Беларускае аб’яднанне студэнтаў (БАС), арганізацыя, якая гуртуе моладзь, прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці. Варта нагадаць, што менавіта ад абрэвіятуры назвы фестываль атрымаў сваё імя.
Пры дапамозе спонсараў і розных арганізацый БАС праводзіць фестываль вось ужо 18 раз. Мяняюцца гурты, удзельнікі і канцэпцыі музычнага форуму, аднак нязменным застаецца адно: “Басовішча” – гэта, безумоўна, трыумф беларускай музыкі.
Пра гэта распавёў старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў Радэк Дамброўскі: “Басовішча” – гэта вялікае свята беларускай музыкі, культуры і маладосці, вялікае свята любові да свабоды. Многія ўдзельнікі прыехалі ўжо пяты-шосты раз, і яны прыязджаюць сюды дзеля атмасферы. Фестываль дае магчымасць развівацца маладым беларускім гуртам, якія не маюць такой магчымасці на радзіме.
Цягам трох дзён “Басовішча” на сцэне выступяць розныя каманды, якія прадстаўляюць розныя музычныя плыні. Першая роля адводзіцца маладым гуртам – нездарма ж “Басовішча” называецца фестывалем музыкі маладой Беларусі”.
Сёлета “Басовішча” праходзіць з 19-га па 21-га ліпеня. Бадай што ўпершыню арганізатары вырашылі, што фестываль будзе працягвацца не два, а тры дні.
20 ліпеня ўвечары – конкурсная частка імпрэзы. Гэта важная частка фэсту, паколькі менавіта дзякуючы “Басовішчу” немалой колькасці беларускіх гуртоў удалося ўзысці на прафесійную музычную сцэну. І цяпер яны выступаюць на “Басовішчы” ў якасці зорак.
Гурт “IQ- 48” прыязджае на фестываль пяты раз. Менавіта на “Басовішчы” пачалася сапраўдная музычная кар’ера вядомай ужо цяпер беларускай каманды. Як падкрэслівае менеджэр гурту “IQ- 48” Алёна Скарабагатая, для іх фэст – гэта не толькі праца, але і нагода, каб сустрэцца з сябрамі, адпачыць і паслухаць беларускую музыку.
А бясспрэчнай зоркай учарашняга дня “Басовішча” была легенда беларускай музычнай сцэны каманда “Палац”. Па рэакцыі публікі было бачна – многія чакалі выступу гурту з нецярпеннем. Дарэчы, не дзіўна, таму што “Палац” даўно не выступаў на сцэне “Басовішча”. Гаворыць лідэр калектыву Алег Хаменка: “Пяць гадоў нас не было на “Басовішчы”. І гэта не тое, што нас не запрашалі. Проста не было часу – графік канцэртаў напружаны, і не ўдавалася даехаць да Гарадка.
Але сёлета, дзякуй Богу, атрымалася, і мы вельмі задаволены. “Басовішча–2007” – гэта своеасаблівы юбілей гурту “Палац”. У 1992 г., 15 гадоў таму, мы ўпершыню выйшлі на фестывальную сцэну. Таму не прыехаць сюды сёлета мы не маглі”.
Фестываль завершыцца ўначы з суботы на нядзелю. Як і штогод, сёлетняя імпрэза для найлепшых гуртоў стане шчаслівай і дасць магчымасць узысці на музычны Парнас.
Паводле “Польскага радыё для замежжа”
(www.polskieradio.pl/zagranica/by)
|