“Слуцк” – беларускі куток у Канадзе

Больш за 40 гадоў у Канадзе, непадалёк ад горада Перы-Саунд, дзейнічае беларуская база адпачынку “Слуцк”. Паселішча размяшчаецца над маляўнічым возерам Манітовабінг у 230 км. ад Таронта, сярод т. зв. антарыйскіх азёраў. “Слуцк” стаўся сталым месцам адпачынку не толькі для канадскіх беларусаў, але прадстаўнікоў іншых дыяспараў гэтай краіны.

У 1966 г. Згуртаванне беларусаў Канады (ЗБК) набыло старую ферму плошчаю 212 араў зямлі. Пасля адпаведнага рамонту “Слуцк” адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Першапачаткова асноўнымі наведвальнікамі базы адпачынку былі вернікі беларускай парафіі Св. Еўфрасінні Полацкай.

Пра гісторыю стварэння базы адпачынку “Слуцк” распавяла Марыя Ганько, шматгадовая актывістка беларускай дыяспары ў Канадзе: “На адным з пасяджэнняў ЗБК была прынятая пастанова, што мы павінны мець нейкі кавалак зямлі, месца для адпачынку. Сабралася група людзей, якія скінуліся па 114 даляраў. На цяперашні час гэта смешныя грошы, але тады гэта была вялікая сума. Разам сабралі 13 тысяч даляраў і за гэтыя грошы мы купілі цэлую ферму. Кожны, хто меў жаданне там застацца, аддаў на царкву 100 даляраў. З гэтага ўсё пачалося. Тыя, хто меў большы ўклад, пачалі будаваць свае дамы. Мы мелі мэту, каб падчас летняга сезону, 2 ці 3 разы на год, завозіць туды дзяцей на адпачынак. Таксама часта туды наведваліся ветэраны вайны.

У Амерыцы беларусы маюць свае паселішчы Мінск і Полацк, мы параіліся, ды вырашылі, што нашае назавем Слуцак. Часцяком разам са святой памяці Уладыкам Мікалаем мы туды ездзілі грамадою, была Божая служба, а потым мы арганізоўвалі пікнік.

Хто б туды не прыехаў, нават з новапрыбылых, кажуць, што прырода нагадвае беларускую. Канада мае традыцыйна чырвоны клён, што ў Беларусі сустракаецца досыць рэдка, а там маем наш клён, бярозкі, ліпы. І клімат вельмі падобны да беларускага. База знаходзіцца над рэчкаю, а гэта досыць рэдкая для Канады з’ява, бо гэтая рака з возера выходзіць і ў возера ўпадае, дзвухплынная. Ёсць шмат звяроў. Не заўсёды у “Слуцку” ёсць вольныя месцы, часам госці прыязджаюць са сваімі намётамі”.

Цяпер за парадкам у “Слуцку” назірае Уладзімір Чэмель, беларус з Падляшша. Ён таксама сказаў некалькі словаў пра базу адпачынку: “Месца, дзе знаходзіцца база, проста цудоўнае. Я прыехаў у Канаду ў 1982 г., у той час “Слуцк” наведвала шмат палякаў і беларусаў з Беласточчыны. Пасля таго, як распаўся Савецкі саюз і людзі пачалі масава прыязджаць у Канаду, то, натуральна, што “Слуцк” сталі наведваць беларусы з Латвіі, Украіны ды інш.

Мы бярэм аплату за пабыўку ў “Слуцку”, але гэта сімвалічная сума, якой нам стае, каб толькі пакрыць кошты, а нашы кошты даволі вялікія. Трэба заплаціць падатак, страхоўку, за электраэнергію, і на новыя пабудовы. Мы на гэтым не зарабляем”.

Сярод паслуг базы адпачынку “Слуцк” і рыбалка, і паляванне, і галоўнае, на што звяртаюць асаблівую ўвагу наведвальнікі, гэта тыповая беларуская лазня на самым узбярэжжы возера. Увосень у лесе побач “случчакі” збіраюць грыбы. Ну, чым не Беларусь?

Паводле “Польскага радыё для замежжа”

(www.polskieradio.pl/zagranica/by)

‹‹ на галоўную | у архіў