У Нью-Йорку пахавалі паліцыянта Цімашэнку – ураджэнца Беларусі

19 ліпеня ў Нью-Йорку на Мараўскіх могілках у Стэйтан-Айлендзе адбылося пахаванне 23-гадовага паліцыянта, ураджэнца Бабруйска Расэла Цімашэнкі. Словы спачування бацькам Расэла выказалі мэр Нью-Йорка, палітыкі, калегі, жыхары горада.

У спачувальным слове мэр Нью-Йорка Майкл Блумберг сказаў, што “сам ён, як бацька, нават блізка не можа ўявіць сабе гора бацькоў Расэла — Леаніда і Таццяны Цімашэнкаў”. “Гэтыя людзі страцілі адзінага сына, аднак я хачу, каб яны ведалі, што Расэл быў сапраўдным героем”, – заявіў мэр.

“Гэта ўжо дзевяты выпадак у час майго знаходжання на пасадзе мэра, калі злачынцы забіваюць паліцыянта. Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб у часе маёй далейшай працы не адбылося дзесятага пахавання. Мы зробім усё, што ад нас залежыць, у памяць пра гэтага цудоўнага паліцыянта”, – сказаў М. Блумберг.

Нагадаем, у панядзелак 9 ліпеня падчас патрульнай службы Расэл спрабаваў спыніць машыну са злачынцамі, аднак быў расстраляны ў твар. Увесь час пасля ранення паліцыянт знаходзіўся ў коме. Расэл Цімашэнка памёр у суботу 14 ліпеня.

17 ліпеня імёны забойцаў Расэла Цімашэнкі былі афіцыйна аб’яўленыя ў Бруклінскім акружным судзе. Гэта Дэкстэр Бостык, Робэрт Эліс і Лі Вудз, якія належаць да адной з нью-йоркскіх крымінальных груповак.

Л. Вудз у часе затрымання прызнаўся дэтэктывам, што ў тую трагічную ноч, калі яны стралялі ў Цімашэнку і ягонага напарніка, яны мелі прадаць нелегальна набытыя пісталеты іншым крымінальнікам. Д. Бостыку, В. Элісу і Л. Вудзу выставілі абвінавачанне ў наўмысным забойстве. Пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў штаце Нью-Йорк максімум, што чакае абвінавачаных – пажыццёвае зняволенне без права на амністыю.

У аўторак і сераду, 17 і 18 ліпеня, у Дом рытуальных паслугаў ў Брукліне, дзе знаходзілася труна з целам паліцыянта, на развітанне з Расэлам прыйшлі сотні ўдзячных яму жыхароў Нью-Йорка. Шмат людзей прысутнічалі на адпяванні Цімашэнкі ў Бруклінскай праваслаўнай царкве ды на ўрачыстай цырымоніі пахавання на Мараўскіх могілках у Стэйтан-Айлэндзе.

Сям’я Цімашэнкаў эмігравала з Беларусі ў ЗША на пачатку 1990-х. Пасля сканчэння паліцэйскай акадэміі ў студзені 2006 г. Расэл Цімашэнка трапіў на службу ў 71-ы ўчастак Брукліну. За паўтара года афіцэр зрабіў пятнаццаць асабліва складаных затрыманняў.

Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )

‹‹ на галоўную | у архіў