У Полацкім раёне ўшанавалі памяць рэпрэсіраванага фалькларыста
Памятны знак у гонар 130-годдзя са дня народзінаў фалькларыста Антона Грыневіча ўсталяваны у вёсцы Шпакоўшчына Полацкага раёна.
Дзесяцітонны валун, на якім умацавана чорная гранітная пліта з датамі жыцця і смерці Антона Грыневіча, з’явіўся у вёсцы клопатам мясцовых краязнаўцаў пры падтрымцы раённай улады. У гонар славутага земляка у Шпакоўшчыне было наладжана фальклорнае свята.
А. Грыневіч не толькі сабраў некалькі соцень беларускіх песень і дзіцячых гульняў, але і сам пісаў музыку, стварыў праграму-інструкцыю для збіральнікаў фальклору, выдаў некалькі спеўнікаў і першы беларускі падручнік па музыцы.
У трыццатыя гады Грыневіч, які паходзіў са шляхецкага роду, быў рэпрэсіраваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Памёр А. Грыневіч у 1937 г., а праз дваццаць гадоў быў пасмяротна рэабілітаваны.
Паводле “Еўрапейскага радыё для замежжа” (www.belradio.fm)
|