Вольга Гапеева: “Чэхі здзіўленыя тым, што ў Беларусі столькі талентаў”

У чэшскім Брне працягваецца літаратурны фестываль “Месяц аўтарскага чытання”. Сёння ўражаннямі падзялілася пасля свайго выступу Вольга Гапеева.

В. Гапеева: “Уражанні ў мяне вельмі пазітыўныя і насычаныя, таму што публікі прыйшло больш, чым я чакала, была відавочная нейкая цікавасць да мяне, да беларускай літаратуры. Пасля падыходзілі людзі, казалі свае ўражанні. Напрыклад, адзін чалавек, сацыёлаг, ходзіць на ўсе выступы беларусаў, і ён здзіўлены тым, што ў Беларусі настолькі шмат талентаў.

Той самы згаданы чалавек сказаў, што хоць на Беларусі і не быў, але дзякуючы творам – канечне, нетолькі маім, а, можа, у першую чаргу не маім, – ён адчувае атмасферу і разумее, якая сітуацыя там складаецца. І апісваючы яе, на мой погляд, ён вельмі трапна яе апісаў. І мне здаецца, што беларускія аўтары, прадстаўленыя ў гэтым праекце, вельмі добра рэпрэзентуюць Беларусь.

Таксама арганізатарам можна толькі падзякаваць, таму што і пераклады, і ўсё было ў час, і пераклад сінхронны ідзе падчас пытанняў...”

Вольга Гапеева нарадзілася ў 1982 г. у Мінску. Скончыла лінгвістычны ўніверсітэт і магістратуру ЕГУ ў Вільні па спецыяльнасці “гендэрныя даследаванні”. Аўтарка кнігі “Рэканструкцыя неба”, другая кніга – “Няголены ранак” павінна выйсці з друку гэтымі днямі. Піша прозу, паэзію, п'есы, перакладае, актыўна папулярызуе беларускую літаратуру ў замежжы.

Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )

‹‹ на галоўную | у архіў