Выйшла другое, дапоўненае, выданне кнігі Рыгора Барадуліна “Ксты”
У Мінску выйшла другое, дапоўненае, англа-беларускае выданне кнігі духоўнай паэзіі “Ксты” народнага паэта Беларусі, намінанта на Нобелеўскую прэмію па літаратуры 2007 года Рыгора Барадуліна.
Укладальнікамі гэтага зборніка, выдадзенага сталічнай рымска-каталіцкай абшчынай святых Сымона і Алены, з’яўляюцца настаяцель Чырвонага касцёла, кандыдат гістарычных навук ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк і дацэнт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту кандыдат філалагічных навук Ала Сакалоўская.
Беларускую частку выдання рэдагавала А. Сакалоўская, англійскую – прафесар МДЛУ Юрый Стулаў і кандыдат філалагічных навук дацэнт Іван Бурлыка, амерыканскія прафесары Сцюарт Артур Рэкс, Джеймс Торсан і Луіс Пінкет, а таксама Джым Донаван (Вялікабрытанія).
Па словах А. Сакалоўскай, у другое выданне зборніка ўключана больш за 50 новых, упершыню апублікаваных, вершаў паэта, створаных у 2006-2007 гг. Кнігу можна набыць у шапіку Чырвонага касцёла і ў сталічных кнігарнях.
Паводле БелаПАН і “Еўрапейскага радыё для Беларусі” (www.belradio.fm)
|