“Праваабарончы альянс” аб’явіў конкурс, прысвечаны 450-годдзю Льва Сапегі

Арганізацыя “Праваабарончы альянс” (Вільнюс) аб’явіла пра правядзенне конкурсу работ студэнтаў і школьнікаў, прысвечанага 450-годдзю з дня нараджэння канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі (1557-1633).

Як паведаміў куратар конкурсу Аляксей Хадыка, мэта акцыі заключацца ў далучэнні творчых асобаў да грамадскага жыцця, падтрымання навуковай працы і дзейнасці ў галіне сацыяльных даследаванняў і ініцыятываў, пошуку будучых даследчыкаў, палітыкаў, журналістаў, якія будуць адстойваць незалежнасць поглядаў, дэмакратычныя каштоўнасці і павагу да закона. Акрамя таго, па яго словах, конкурс накіраваны на пашырэнне дэмакратычнага ўплыву на грамадскае жыццё.

Конкурс праводзіцца ў галіне гісторыі, літаратуры, юрыспрудэнцыі і гісторыі права, дыпламатыі і паліталогіі, а таксама эканомікі і яе гісторыі. “Маштаб асобы і шырата інтарэсаў Льва Сапегі дазваляюць такі падыход да тэматыкі і сюжэтаў даследаванняў. Узоры таленавітага стаўлення канцлера да вырашэння складаных унутры- і знешнепалітычных сітуацый у ВКЛ ставяць перад удзельнікамі конкурсу мэту абмяркоўваць у яго межах разнастайныя тэмы, якія тычацца сучаснай Беларусі”, – адзначыў А. Хадыка.

Па яго словах, работы аб’ёмам не больш за 20 тысяч знакаў павінны адлюстроўваць сучасны ўзровень ведаў па абранай тэме. Арганізатары акцыі вітаюць выкарыстанне навейшых метадаў даследавання і навуковай метадалогіі, а таксама ўвагу да міжнароднага кантэксту закранутых праблемаў.

Конкурсныя работы прааналізуе журы з двух чалавек па кожнай з шасці намінацый. Ад дзвюх да пяці работ па кожнай дысцыпліне будуць рэкамендаваны для прэзентацыі ў двух фіналах, якія адбудуцца ў гарадах на захадзе і ўсходзе Беларусі. Пераможцы конкурсу атрымаюць грашовыя прэміі, іх работы будуць апублікаваны ў прэсе і ўвойдуць у зборнік.

Праграма фіналаў уключае канцэрты беларускіх выканаўцаў, дэманстрацыю Юрыем Жыгімонтам фрагментаў яго тэлепраграмы “Падарожжы дылетанта” з сюжэтамі пра Льва Сапегу, а таксама знаёмства з выставай Нацыянальнага музея гісторыі і культуры.

Конкурс завершыцца ў концы лістапада – пачатку снежня.

Паводле БелаПАН і www . tut . by

‹‹ на галоўную | у архіў