Купалле ў Польшчы

7–8 ліпеня 2007 г. у м. Белавежа Падляскага ваяводства адбылося традыцыйнае беларускае свята “Купалле”, якое адзначаюць на Беласточчыне ўжо 23 гады запар. Яно карыстаецца шырокай папулярнасцю сярод палякаў і беларускай меншасці ў Польшчы.

Арганізатары свята – Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы (БГКТ) і Таварыства беларускай культуры, Гайнаўскі павет і ўправа Белавежскай гміны пры садзейнічанні Пасольства Беларусі ў Польшчы.

Традыцыйна распачалося Купалле маляўнічым шэсцем па вуліцах Белавежы арганізатараў і мастацкіх калектываў з купальскімі вянкамі і песнямі. Пасля ўрачыстага адкрыцця і купальскіх абрадаў адбыўся канцэрт, у якім прынялі ўдзел звыш 20 лепшых беларускіх мастацкіх калектываў з Беласточчыны, таксама на свята прыехалі тры гурты з Беларусі.

Гледачы, якіх сабралася каля галоўнай пляцоўкі свята звыш 6 тысяч, вельмі добра ўспрымалі выступленні ўсіх беларускіх калектываў, але асабліва цёпла віталі гасцей свята – ансамбль “Купалінка” Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Завяршылася свята феерверкам і традыцыйным купальскім абрадам пускання вянкоў з запаленымі свечкамі на рацэ Нараўцы.

У свяце ўзялі ўдзел Пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка, Генеральны консул Беларусі ў Беластоку Міхаіл Аляксейчык, дэпутат Сейма Польшчы Ян Чыквін, кіраўнікі мясцовых урадавых структур Падляшскага ваяводства.

Паводле www.belembassy.org/poland/bel/

‹‹ на галоўную | у архіў