Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла рэзалюцыю па Беларусі
Парламенцкая асамблея АБСЕ большасцю галасоў прыняла рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі. Раней яна была ўхваленая Камітэтам па палітычных пытаннях і бяспецы Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
Дэпутат Савету Рэспублікі Наталля Андрэйчык заявіла, што афіцыйная беларуская дэлегацыя выступае супраць гэтай рэзалюцыі. Паводле спн. Андрэйчык, такое выдзяленне Беларусі ёсць няправільным і несправядлівым.
Паводле Н. Андрэйчык, Беларусь зацікаўленая ў стасунках з Еўразвязам і ўдзеле ў еўрапейскай палітыцы добрасуседства. Спн. Андрэйчык заклікала прагаласаваць супраць гэтай рэзалюцыі.
Дакладчык па Беларусі Хрысціян Піл Ларэнтцэн заявіў, што вынесеная на разгляд асамблеі рэзалюцыя з’яўляецца “ўраўнаважанай”. Ён заявіў, што выступы лідэраў беларускай апазіцыі на “круглым стале” ў Кіеве ўсхвалявалі ўсіх прысутных.
Праект рэзалюцыі па Беларусі быў зацверджаны 7 ліпеня. Падчас галасавання паправак да праекту рэзалюцыі, сябры Камітэту падтрымалі 4 з 13 унесеных беларускай дэлегацыяй паправак. Сябры камітэту не падтрымалі прапанову беларускай дэлегацыі выключыць з рэзалюцыі пункт, у якім ПА АБСЕ “настойліва заклікае беларускі ўрад і парламент ўнесці папраўкі ў выбарчае заканадаўства і ратыфікаваць іх з тым, каб забяспечыць выкананне стандартаў АБСЕ”. Яшчэ адна адхіленая папраўка беларускай дэлегацыі была супраць пункту, дзе былі заклікі АБСЕ вызваліць усіх палітычных вязняў, а таксама правесці незалежнае расследаванне ці перагляд спраў зніклых.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|