“Белай Русі” ўжо адвялі значную ролю на выбарах у парламент

Баявым хрышчэннем для ствараемай прапрэзідэнтскай арганізацыі “Белая Русь” могуць стаць парламенцкія выбары 2008 года. Да гэтага часу “Белая Русь” ужо будзе мець рэспубліканскі статус, а, магчыма, калі таго запатрабуе сітуацыя, і зменіць фармат на партыю ўлады.

Але нават калі “Белая Русь” застанецца ў статусе грамадскай арганізацыі, то прыняць самае актыўны ўдзел у выбарах гэта ёй не перашкодзіць. Заканадаўства Беларусі не дазваляе грамадскім аб’яднанням вылучаць на выбары сваіх кандыдатаў, але падтрымліваць чужых, агітаваць – не забараняе. Да таго ў нашай выбарчай сістэме ёсць і іншыя вакансіі, якія беспраблемна для ўладаў могуць закрыць члены “Белай Русі” – гэта выбарчыя камісіі і групы назіральнікаў.

Увогуле, як заявіла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, “Белая Русь” адыграе значную ролю падчас правядзення парламенцкіх выбараў – 2008.

Старшыня ЦВК лічыць, што значная роля “Белай Русі” на выбарах можа тлумачыцца і тым, што ў аб’яднанне “ўжо зараз уключаны і... будуць працаваць людзі відныя як у краіне, так і ў рэгіёнах”. Акрамя таго, па меркаванні Л. Ярмошынай, члены “Белай Русі” могуць падтрымаць свайго кандыдата і ўвайсці ў склад яго ініцыятыўнай групы, як гэта робяць прадстаўнікі БРСМ ці прафсаюзаў.

Паводле БелаПАН і www . naviny . by

‹‹ на галоўную | у архіў