У Вентспілсе адбыліся Дні беларускай культуры

Упершыню Вентспілс святкаваў Купалле тры гады таму, падчас Дзён беларускай культуры, якія ладзіла мясцовая беларуская суполка “Спадчына”. У гэтым годзе Дні беларускай культуры ў Вентспілсе пераўтварыліся ў міжнародны міні-фестываль беларускай музыкі і песні. Свята сабрала рэкордную колькасць гледачоў і ўдзельнікаў. 150 гасцей з Беларусі, Латвіі, Эстоніі прыехалі ў горад на ўзбярэжжы Балтыкі. Сёлета свята прысвячалася 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Вентспілс – горад курортны, канцэртамі яго жыхароў цяжка здзівіць, імпрэзамі асабліва не ўразіць. Тут праходзяць нацыянальны фінал конкурсу ўдзельнікаў “Еўрабачання”, парад латвійскага шлягера, сотні турыстаў , і не толькі з Латвіі, з’язджаюцца ў горад, каб адзначыць дні Вентспілса ці свята мора. Але арганізатары Дзён беларускай культуры зрабілі ўсё, каб гэта мерапрыемства стала сапраўды падзеяй для жыхароў і гасцей горада, каб пра беларускую культуру ведалі не толькі мясцовыя беларусы, але і жыхары гэтага шматнацыянальнага горада, турысты з розных куткоў свету.

Тры дні на вуліцах і плошчах Вентспілса, у яго парках гучала беларуская мова і музыка. А горад упрыгожыўся беларускімі нацыянальнымі строямі.

Праграма фестывалю была надзіва разнастайнай: гэта і выстава народных промыслаў, і канцэрты, і літаратурныя чытанні, падчас якіх адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка “А водар радзімы ўсё кліча і кліча”, кнігі вершаў беларускіх аўтараў, якую выдаў Саюз беларусаў Латвіі.

Разам са сталымі паэтамі, такімі як даўгаўпілскі паэт Станіслаў Валодзька, вершы чытала моладзь. Для многіх стаў адкрыццём той факт, што ў Даўгаўпілскім педагагічным універсітэце ўжо дзесяць гадоў студэнты вывучаюць беларускую мову і літаратуру. Ёсць надзея, што колькасць студэнтаў з кожным годам будзе павялічвацца. Пра гэта сказала выкладчыца беларускай мовы ўніверсітэту Таццяна Бучэль. Даўгаўпілскія студэнты зрабілі свой падарунак святу – славуты верш “А хто там ідзе” прагучаў у іх выкананні на дзесяці мовах.

Сапраўдным падарункам для жыхароў і гасцей горада стаў святочны канцэрт на Ратушнай плошчы. На дні беларускай культуры прыехалі беларускія калектывы не толькі з Латвіі (выступалі гурты з Вентспілса, з Рыгі, з Даўгаўпілса), але і з суседняй Эстоніі. І, канечне, самымі чаканымі на свяце, вядома, былі госці з Беларусі. На свяце выступіў аркестр беларускіх музычных інструментаў “Ліра” з Мінска, “Жытніца” з Магілёва.

Свята завяршылася гуляннем у этнаграфічным музеі Вентспілса пад адкрытым небам, дзе зноў гучалі народныя песні, адбылася выстава-продаж мастацкіх вырабаў Беларускага рэспубліканскага цэнтра народнай творчасці (Мінск). Госці таксама паспрабавалі беларускія нацыянальныя стравы і напоі, якія прадставіў рэстаран беларускай кухні з Вентспілса.

Дні беларускай культуры ў Вентспілсе праводзяцца напрыканцы чэрвеня. І гэта не выпадкова. Ліга – так латышы называюць свята сонцастаяння, – адно з самых любімых у Латвіі. Дарэчы, яно з’яўляецца дзяржаўным святам, адзначаецца 23-24 чэрвеня. Славянскае Купалле святкуецца пазней. “Ад Ліга да Купалля” – такі дэвіз беларускіх дзён культуры. Госці фестывалю маглі пазнаёміцца менавіта з беларускімі традыцыямі святкавання Купалля.

Купальская ноч спрадвеку лічыцца самай загадкавай, самай таямнічай ноччу года. Для жыхароў і гасцей Вентспілса беларускае Купалле стала самым добразычлівым і гасцінным святам. А дзякуючы творчым калектывам , запрошаным на Дні беларускай культуры, – і надзвычай музычным. Шчырую падзяку арганізатары выказваюць кіраўнікам “Жытніцы” Уладзіміру і Алёне Ваакс, усяму калектыву “Жытніцы” за іх удзел у Днях беларускай культуры, за тую радасць, якую яны даставілі сваім слухачам, падзяліўшыся традыцыямі і звычаямі беларускага Купалля. Беларусы Вентспілса асабліва ўдзячны “Жытніцы” за гэты кавалачак радзімы, прывезены і падараваны музыкамі з Магілёўшчыны.

Свята не атрымалася б, калі б яго не арганізоўвалі з такою любоўю і самаадданасцю вентспілскія беларусы. Мясцовая суполка “Спадчына” не такая шматлікая, ды і сярод жыхароў Вентспілса беларусаў не так шмат – у горадзе пражывае іх крыху больш за 2 тысячы, альбо каля 5% ад усяго насельніцтва прыморскага горада. Але іх энтузіязм і вялікае жаданне знайшлі падтрымку і ў горада, і ў грамадскіх арганізацый як Латвіі, так і Беларусі.

Арганізатары свята “Спадчына” і Вентспілская асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў запрашаюць мастацкія калектывы і Беларусі, і беларускай дыяспары на наступныя Дні беларускай культуры – 2008 у свой цудоўны горад на беразе Балтыкі.

Паводле www . svitanak . lv і БЕЛТА

‹‹ на галоўную | у архіў