Сустрэча ў Таварыстве беларускай культуры
Традыцыйная штомесячная сустрэча адбылася ў Таварыстве беларускай культуры (ТБК) у Вільні.
Старшыня Таварыства Хведар Нюнька азнаёміў прысутных са свежымі нумарамі беластоцкага тыднёвіка беларусаў “Ніва”, а таксама з мясцовай літоўскай газетай “Voruta”. Сябры ТБК паслухалі і паглядзелі матэрыялы пра падарожжа ТБК па Нарачанскаму краю, выказалі свае прапановы і пажаданні наконт плануемай паездкі ў жніўні па Браслаўшчыне. Прысутныя пазнаёміліся з заявай “Беларускай Салідарнасці” пра асіміляцыю беларусаў як злачынства супраць чалавецтва і выказалі заяве поўную падтрымку.
Сярод выступаў быў таксама змястоўны і цікавы расповед журналіста Алеся Адамковіча пра жыццё і дзейнасць ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.
У заканчэнні сустрэчы паэтка Вера Хамянюк прачытала свой верш, прысвечаны памяці Васіля Быкава.
Наступная імпрэза адбудзецца 28 ліпеня і будзе прысвечана дзесяцігоддзю з дня смерці (28.07.1997) заснавальніка ТБК Лявона Луцкевіча.
Хведар Нюнька
|