Мы розныя, але мы разам
19 траўня “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага” правяло міжнацыянальную дыскатэку.
Па словах старшыні “Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага” Алега Рудакова, ад самага пачатку таварыства ладзіла беларускамоўныя дыскатэкі. Першая з іх адбылася ў 2004 годзе. Але гэта ўсё было на грамадскіх пачатках і да таго ж каштавала нямала грошаў.
Потым узнікла ідэя правесці менавіта міжнацыянальную дыскатэку. На гэта былі выдзеленыя грошы, і таварыства змагло арэндаваць прэстыжны начны клуб. “Мы назвалі гэта “Маладзёвы міжнацыянальны фестываль “Мы розныя, але мы разам”, – распавёў А. Рудакоў.
Па ягоных словах, галоўным прынцыпам у адборы музыкі была адсутнасць рускамоўных і англамоўных тэкстаў. Была бурацкая музыка, беларуская, літоўская, украінская і інш. Пры чым менавіта беларуская музыка склала прыкладна траціну ўсёй дыскатэкі.
А. Рудакоў адзначыў поспех такой нестандартнай дыскатэкі: “Быў заняты ўвесь зал, і нават не ўсе змясціліся. А клуб змяшчае каля 200 чалавек”. І гэта пры тым, што пад час дыскатэкі алкаголь не прадаваўся.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|