Купалле ў Іркуцку  

Да супольнай сустрэчы Купалля рыхтуюцца беларусы Іркуцка. Як адзначае старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, святкаванне, як і звычайна, пройдзе ў самую кароткую ноч году — з 23 на 24 чэрвеня.

А. Рудакоў распавёў, што гэта будзе ўжо дванаццатае Купалле, якое ладзіць таварыства ў Іркуцку. У гэтым годзе адначасова пройдуць святкаванні ў шэрагу суполак па ўсёй Іркуцкай вобласці.

У беларусаў Іркуцка адметнае купалле. “Па-першае, - адзначае А. Рудакоў, - яно праводзіцца весела і ў тэатралізаванай форме. А па-другое, мы намагаемся захоўваць усе старажытныя моманты”.

Ад’езд на святкаванне запланаваны на 20.00 23 чэрвеня, месца будзе знойдзенае на ўзбярэжжы ракі Ангары. Праграма купальскай ночы таксама ўжо ёсць. Распланавана ўсё падрабязна да 5 гадзінаў раніцы. Па словах А. Рудакова, няма хвілінкі калі б чалавек не быў чымсьці заняты.

Па словах А. Рудакова, пачатак самога святкавання – гэта заход сонца. Тады перад вогнішчам з’яўляецца князь Купалеж з паходняй, які ў прамове цікавіцца, ці не забыліся беларусы Прыбайкалля на свае карані, ці захоўваюць беларускую мову і культуру. Воклічам “Жыве Беларусь!” ён заканчвае сваю прамову і запальвае вогнішча. Потым з’яўляецца Купалінка, у імпрэзе таксама і нячысцікі. Удзельнікі святкавання водзяць карагоды, скачуць праз вогнішча, шукаюць папараць-кветку. Як адзначыў А. Рудакоў, арганізатары ўсім удзельнікам рэкамендуюць прыязджаць у строях.

На гэты год арганізатары спадзяюцца сабраць людзей на святкаванне ніяк не меней, чым звычайна – а гэта 300 ці нават 500 чалавек.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў