Тыдзень беларускай культуры ў Іркуцкай вобласці

Ад 20 траўня да 4 чэрвеня ў Іркуцкай вобласці (Расія) адбываецца вялікі фестываль “Тыдзень беларускай культуры 2007”. На момант падрыхтоўкі бюлетэня да друку завяршыліся першыя два дні фэсту. Старшыня “Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага” Алег Рудакоў распавёў пра ход правядзення фэсту.

“Тыдзень” працягваецца ад 20 траўня да 4 чэрвеня. У першы дзень адбылося адкрыццё фестывалю і выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Беларускае рамяство жыве і ў Прыбайкаллі”. У гэтым годзе выстава прынцыпова адрозніваецца ад мінулых тым, што мы зрабілі акцэнт на сучасныя вырабы. Раней выстаўлялі менавіта старажытныя экспанаты. Яны былі і зараз. Напрыклад, цудоўны строй з вёскі Таўтурка, якому 150 год. Але асновай былі менавіта працы сучасных майстроў, якіх за 11 год Таварыства ўзрасціла цэлую грамаду. На адкрыцці была вялікая культурная праграма, невялікі канцэрт, багата гасцей і выступоўцаў”.

Сп. Алег распавёў таксама і пра маладзёвае свята “Беларускія вячоркі”, якое адбылося 26 траўня. Яго прэзентаваў маладзёвы клуб “Крывічы”. А. Рудакоў адзначыў, што кожныя “вячоркі” гэта цікавая з’ява.

У рамках “вячорак” прайшоў конкурс Купалінак. Канкурсанткам, па словах А. Рудакова, трэба было адказаць на тэарэтычныя пытанні, стварыць вобраз Купалінкі, правесці беларускую гульню, патанцаваць беларускі бытавы танец і інш. І сярод роўных пераможцам стала Маша Пятрушка, якая родам з Баранавічаў. Як адзначыў А. Рудакоў: “На конкурсе ўсе павінны размаўляць па-беларуску. Калі ў Беларусі шмат людзей не ведаюць беларускай мовы і размаўляюць па-руску, то чаму б у Расіі, у Іркуцку, маладым людзям не паразмаўляць па-беларуску?”

Распавёў А. Рудакоў і пра наступныя мерапрыемствы “тыдня”: “Бліжэйшае – прагляд дакументальных фільмаў. Гэта будуць фільмы “Я нарадзіўся ліцвінам” і новы фільм “Дыскаверы” пра Чарнобыль. Мы таксама падводзім вынікі конкурсу літаратурных і мастацкіх прац дзяцей. Прац прыйшло шмат. Пераможцы атрымаюць узнагароды на дзіцячым свяце 1 чэрвеня”.

Ён адзначае, што кожны “тыдзень” – гэта нешта цікавае, новае і ўнікальнае. “На нашых фестывалях не бывае гледачоў, акрамя, напрыклад, прагляду фільма, – сказаў у завяршэнні А. Рудакоў, – у нас усе госці становяцца ўдзельнікамі.”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў