Пастара Антося Бокуна (Станіслава Акінчыца) аштрафавалі на 620 тысячаў рублёў
Суд над пастарам адбыўся ў панядзелак, 28 мая, ў Цэнтральным судзе Мінска. Ноч перад судом Станіслаў Акінчыц (сябра Вялікай Рады і Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”) правёў у спецпрыёмніку-размеркавальніку на вул. Акрэсціна ў Мінску. Таксама 27 мая пратакол быў складзены на служыцеля пратэстанцкай царквы Яраслава Лукасіка (Якаў Радзевіч), які разам са сваёй сям’ёй змагаецца за права жыць у Беларусі.
Антось Бокун быў затрыманы падчас урачыстага багаслужэння у гонар хрысціянкага свята Тройцы, у памяшканні царквы ХВЕ “Ян Прадвеснік”. У памяшканне, дзе адбывалася багаслужэнне, прайшлі каля 10 прадстаўнікоў улады: супрацоўнікі КДБ, аддзела аховы Мінскага гарвыканкаму, супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС. Недалёка ад будынку царквы стаяў аўтазак з АМАПам і спецмашына.
Падчас багаслужэння супрацоўнікі ўладных структураў праводзілі несанкцыянаваную відэаздымку. На камеру была знятая пропаведзь епіскапа ХВЕ па Мінскай вобласці Сяргея Цвора, які ў гэты дзень быў запрошаны ў царкву “Ян Прадвеснік”. Дазвол на відэаздымку і дагляд памяшкання, а таксама свае дакументы “госці” паказаць адмовіліся. Яны запатрабавалі, каб пасля служэння ўсе замежнікі, якія наведваюць гэтую рэлігійную абшчыну, выйшлі на вуліцу.
На Яраслава Лукасіка, служыцеля царквы ХВЕ, быў складзены пратакол. “Яраслаў Лукасік, грамадзянін Польшчы, займаўся “рэлігійнай дзейнасцю ў якасці прапаведніка Царквы Хрысціян Веры Евангельскай “Ян Прадвеснік” без узгаднення з Камітэтам па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў, чым парушыў правілы прабывання замежных грамадзянаў у РБ”, - запісана ў дакуменце.
У Цэнтральным РАУС пратакол быў складзены таксама і на пастара рэлігійнай абшчыны “Ян Прадвеснік” Станіслава Акінчыца – па факту правядзення несанкцыянаванага багаслужэння. Яму пагражаў штраф ад 30 базавых адзінак альбо да 25 сутак арышту.
“Гэта беззаконне. Пастара трымаюць пад арыштам без суда. Ён што, небяспечны для грамадства? – гаворыць Яраслаў Лукасік. – Калі пастароў садзяць у турму, гэта значыць, што нехта спрабуе “пасадзіць” за краты Евангелле, бо менавіта Евангелле прыносіць людзям сапраўдную свабоду”.
Суддзя Леанід Ясіновіч вынес пастанову аб пакаранні пастара Станіслава Акінчыца (Антося Бокуна) штрафам у памеры 620 тыс. рублёў. Падтрымаць пастара каля будынку суда прыйшлі шматлікія вернікі і паплечнікі.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
паводле Хрысціянскага Праваабарончага Дому
|